
28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Якуціі ў сувязі з ляснымі пажарамі ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі рэгіянальнага характару. Адпаведны ўказ падпісаў у аўторак кіраўнік Якуціі Айсен Нікалаеў, піша ТАСС.
"Умовы надвор'я на тэрыторыі рэспублікі пагаршаюцца, новых пажараў з'яўляецца ўсё больш. За апошнія суткі ў лясах Якуціі выяўлены 34 новыя пажары, колькасць прыродных узгаранняў павялічылася да 60. Гэта значны рост. Таму, нягледзячы на тое, што колькасць лясных пажараў цяпер у некалькі разоў меншая, чым у аналагічны перыяд мінулага года, у мэтах мабілізацыі рэсурсаў для падрыхтоўкі да піку пажаранебяспекі я прыняў рашэнне аб увядзенні рэжыму надзвычайнай сітуацыі на тэрыторыі рэспублікі", - напісаў Нікалаеў у сваім Telegram-канале.
Ён адзначыў, што высокі клас пажаранебяспекі ўстанавіўся ў 10 раёнах рэспублікі. Рэжым НС муніцыпальнага ўзроўню ўвялі ў Тампонскім і Мірнінскім раёнах. "Мы не можам і не павінны расслабляцца, наперадзе самыя складаныя тыдні, і мы павінны прыкласці ўсе намаганні для таго, каб справіцца з ляснымі пажарамі", - дадаў кіраўнік рэгіёна.
Якуція - адзін з самых пажаранебяспечных рэгіёнаў Расіі. У рэспубліцы тушаць 21 пажар на агульнай плошчы большай за 55,5 тыс. га. З іх 11 узгаранняў на плошчы звыш 50 тыс. га знаходзяцца ў зоне кантролю ў цяжкадаступнай мясцовасці. Да тушэння прыцягнулі 772 чалавекі, задзейнічалі 35 адзінак тэхнікі.-0-