Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
08 верасня 2022, 15:29

Reuters: буйнейшыя еўрапейскія банкі рыхтуюцца да перабояў з электрычнасцю зімой

8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Буйнейшыя банкі Еўропы рыхтуюць рэзервовыя генератары і прыглушаюць святло, рыхтуючыся да нарміравання спажывання электраэнергіі і яе магчымых адключэнняў будучай зімой, паведамляе Reuters.

Адзначаецца, што банкі праводзяць тэсціраванне сваёй работы ва ўмовах перабояў з электрычнасцю, спрабуюць знайсці альтэрнатыўныя крыніцы энергіі і скарачаюць спажыванне.

Амерыканскі JPMorgan, у еўрапейскіх офісах якога ў Лондане і Франкфурце-на-Майне працуюць тысячы супрацоўнікаў, правёў мадэляванне адключэння электраэнергіі. Банк разглядае варыянт пераходу на дызельныя генератары, якія змогуць забяспечыць работу асноўных офісаў на некалькі дзён.

Другі па велічыні банк Італіі UniCredit летам пратэсціраваў работу цэнтраў апрацоўкі даных, якія сілкаваліся ад дзвюх незалежных крыніц электраэнергіі. Аднак няма звестак, як доўга яны змогуць забяспечваць работу фінансавай установы.

Банкі таксама прымаюць меры па згладжванні наступстваў энергетычнага крызісу. Так, Deutsche Bank у мэтах энергазберажэння адключае гарачую ваду ў прыбіральнях, выключае на ноч усё ўнутранае асвятленне памяшканняў і вонкавую падсветку. Таксама банк адключыў фантан перад галоўным офісам у Франкфурце-на-Майне. Крокі па энергазберажэнні робіць і адзін з буйнейшых французскіх банкаў BNP Paribas.

Электраэнергію пачалі эканоміць буйнейшыя страхавыя кампаніі Еўропы. Швейцарская кампанія Zurich Insurance заявіла, што будзе па начах зацямняць офісы і адключыць дэкаратыўныя спажыўцы электраэнергіі, такія як фантаны.

Тым не менш эксперты апасаюцца, што нямногія фінансавыя ўстановы будуць гатовы да доўгіх адключэнняў электраэнергіі тэрмінам больш як на некалькі дзён.

Паводле слоў крыніц Reuters, у выпадку абвастрэння крызісу кампаніі прымуць больш рашучыя меры, напрыклад, будуць выкарыстоўваць толькі канкрэтныя паверхі будынкаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі