Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
15 чэрвеня 2022, 15:01

Рэкордныя цэны на паліва і дэфіцыт угнаенняў: палітыка Байдэна прыводзіць фермераў у ЗША да збяднення

15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У ЗША фермерскія гаспадаркі, якія некалі працвіталі, перажываюць крызіс з-за высокіх цэн на паліва і дэфіцыту ўгнаенняў. І віной таму памылкі дзяржаўнай палітыкі цяперашніх амерыканскіх улад, піша выданне The American Conservative.

Фермеры прывыклі прыстасоўвацца да змяненняў на рынках. Аднак пераадолець рэкордны рост цэн на дызельнае паліва і ўгнаенні не так проста. У канчатковым выніку рост затрат уплывае на кошт прадуктаў на паліцах амерыканскіх магазінаў. Пры гэтым ёсць апасенні, што цяперашні крызіс можа зацягнуцца, і яго наступствы будуць адчувацца гадамі.

Рэндзі Лінтан, уладальніца ранча ў Аклахоме, расказала, што два гады таму ўгнаенне, якое яна выкарыстоўвае для вырошчвання кармавых культур у разліку на акр зямлі, каштавала $18. У мінулым годзе яно каштавала $35, а ў сёлетнім сельскагаспадарчым сезоне яно будзе каштаваць ужо $75. У выніку такая сітуацыя можа прывесці да банкруцтва. У такім становішчы сёння знаходзяцца многія невялікія фермерскія гаспадаркі.

Яшчэ адзін фермер Ларэнда Оверман з Паўночнай Караліны расказала, што рост цэн на дызельнае паліва і ўгнаенні павялічыў яе агульныя затраты на апрацоўку акра зямлі з $700 да $900. Пры гэтым яна зможа зарабіць усяго $825 ад продажу ўраджаю з акра зямлі. Такім чынам, яе гаспадарка будзе ў мінусе.

"Я памятаю гады, калі не было дажджу, калі цэны на ўраджай былі вельмі нізкімі. Я памятаю гады, калі мы не маглі выплаціць крэдыт, і нам даводзілася прадаўжаць яго на наступны год. Але я ніколі не бачыла, каб сабекошт акра кукурузы быў $900, а я займаюся гэтым ужо 40 гадоў", - адзначыла Ларэнда Оверман. Яна лічыць, што ў цяперашніх умовах многія сямейныя фермерскія гаспадаркі могуць быць даведзены да галечы.

Фермер з Пенсільваніі Раян Браўн сказаў, што кошт набываемых ім угнаенняў павялічыўся за год больш як у два разы - з $400 да $900 за тону. Свае расходы фермеру давядзецца перакласці на пакупнікоў яго прадукцыі. Аднак Браўна непакоіць, што будзе адбывацца з цэнамі ў магазінах праз год ці два, калі такая сітуацыя захаваецца.

Джэк Баўдзін, уладальнік ранча з Тэхаса, у гэтым годзе не можа дазволіць сабе ўносіць угнаенні на свае палі. "Сёння я размаўляў з калегам-фермерам, - сказаў Баўдзін. - Ён не ўносіў угнаенні на палі ў гэтым годзе, як і я". Гэта прывядзе да збяднення глебы і зніжэння ўраджаю.

Ферма належыць сям'і Баўдзіна вось ужо стагоддзе, але ў бягучым годзе, каб заставацца плацежаздольным, яму давялося выставіць на продаж 200 акраў сваёй зямлі.

Крызіс, з якім сёння сутыкаюцца фермеры, звязаны, перш за ўсё, з крызісам вытворчасці выкапнёвага паліва. Негатыўнае стаўленне адміністрацыі Джо Байдэна да выкапнёвага паліва і звязанае з гэтым зніжэнне здабычы нафты ў ЗША пагаршаюцца няхваткай нафты за мяжой, адзначае The American Conservative.

Расія з'яўляецца трэцім па велічыні вытворцам нафты ў свеце пасля ЗША і Саудаўскай Аравіі, а таксама найбуйнейшым экспарцёрам угнаенняў і нафтапрадуктаў. Хоць ЗША вырабляюць айчынныя ўгнаенні, яны таксама з'яўляюцца трэцім па велічыні імпарцёрам угнаенняў у свеце. Уведзеныя супраць Расіі санкцыі прывялі да дэфіцыту ўгнаенняў у свеце і росту цэн на іх. А ў выніку пакутуюць амерыканскія фермеры.

Нягледзячы на інфляцыйны крызіс адміністрацыя Байдэна прадаўжае падтрымліваць праграму зялёнай энергетыкі, перашкаджаючы вытворчасці выкапнёвага паліва. Прэзідэнт Байдэн назваў скачок цэн нафты "неверагодным пераходам", які можа зрабіць ЗША мацнейшымі.

Саманта Паўэр, кіраўнік Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці, заявіла, што праблему цэн на ўгнаенні можна вырашыць, выкарыстоўваючы гной і кампост. "Ніколі не дазваляйце крызісу прайсці дарэмна", - аптымістычна параіла яна фермерам.

"Аднак нягледзячы на мару аб вугляродна-нейтральнай будучыні выкапні сёння займаюць важнае месца ў вытворчасці прадуктаў харчавання. Фермеры выкарыстоўваюць вялікую колькасць дызельнага паліва і ўгнаенняў, а палітыка, якая стварае няхватку гэтых кампанентаў, падрывае здольнасць Амерыкі пракарміць сябе", - рэзюмаваў The American Conservative.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі