Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
07 кастрычніка 2021, 10:25

Рэйтынг Байдэна знізіўся да рэкордна нізкага ўзроўню

7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэйтынг адабрэння амерыканцамі дзейнасці прэзідэнта ЗША Джо Байдэна знізіўся да найбольш нізкага ўзроўню за час яго знаходжання на гэтай пасадзе. Аб гэтым сведчаць апублікаваныя даныя апытання, праведзенага Квініпэкскім універсітэтам у ЗША, паведамляе ТАСС.

Як сведчаць вынікі даследавання, адмоўна работу Джо Байдэна ацэньваюць 53 працэнты амерыканцаў, а станоўча - толькі 38 працэнтаў. У час папярэдняга апытання, праведзенага тым жа ўніверсітэтам тры тыдні таму, станоўча Джо Байдэна ацэньвалі 42 працэнты, адмоўна - 50 працэнтаў. Такім чынам, прасочваецца тэндэнцыя да зніжэння папулярнасці амерыканскага прэзідэнта.

Пры ацэнцы дзейнасці Джо Байдэна вельмі моцная залежнасць ад палітычных поглядаў. Сярод рэспубліканцаў адмоўную ацэнку яго дзейнасці далі 94 працэнты апытаных, а сярод дэмакратаў - толькі 10 працэнтаў. Аднак сярод тых, хто не адносіць сябе да той ці іншай партыі, рэйтынг падтрымкі прэзідэнта яшчэ ніжэйшы, чым у сярэднім па краіне. У гэтай катэгорыі апытаных 60 працэнтаў ацэньваюць намаганні гаспадара Белага дома адмоўна і толькі 32 працэнты - станоўча.

Асаблівую нездаволенасць у амерыканцаў выклікае палітыка прэзідэнта адносна імігрантаў і сітуацыя на паўднёвай граніцы ЗША, праз якую спрабуюць прабрацца тысячы жыхароў Лацінскай Амерыкі. Адмоўна дзейнасць прэзідэнта на гэтым напрамку ацэньваюць 67 працэнтаў, станоўча - толькі 23 працэнты.

Толькі 28 працэнтаў апытаных выказаліся ў падтрымку курсу Байдэна па Афганістане. 50 працэнтаў лічаць, што ЗША павінны былі пакінуць у краіне пэўныя сілы для яе падтрымкі, 15 працэнтаў лічаць, што ваенных наогул не трэба было выводзіць. Станам эканомікі ў той ці іншай ступені не задаволены 72 працэнты амерыканцаў.

У апытанні прынялі ўдзел 1326 жыхароў ЗША па ўсёй краіне. Яно прайшло з 1 па 4 кастрычніка, статыстычная хібнасць складае 2,7 працэнта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі