Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
30 лістапада 2020, 11:12

Расійскія міратворцы разгарнулі ў Карабаху палявы шпіталь

30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расійскія ваеннаслужачыя медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння разгарнулі ў Сцепанакерце палявы шпіталь, які будзе аказваць дапамогу насельніцтву Нагорнага Карабаха. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на Мінабароны РФ.

У расійскім ведамстве ўдакладнілі, што модулі ваеннага шпіталя разгорнуты на тэрыторыі аэрапорта ў Сцепанакерце.

Спецыялісты медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння арганізуюць медыцынскае забеспячэнне міратворчага кантынгенту і аказанне неабходнай дапамогі насельніцтву Нагорнага Карабаха. Шпіталь гатовы размясціць да 40 чалавек.

У Мінабароны адзначылі, што ў рэгіён прыбылі больш за 60 медыцынскіх спецыялістаў, у тым ліку ваенныя хірургі, анестэзіёлагі-рэаніматолагі, тэрапеўты і эпідэміёлагі. Яны былі перакінуты самалётамі ваенна-транспартнай авіяцыі Іл-76 з Хабараўска ў Ерэван.

Усяго для разгортвання медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння Усходняй ваеннай акругі ў Нагорны Карабах будуць перакінуты 122 ваеннаслужачыя, 54 адзінкі аўтамабільнай і спецыяльнай тэхнікі, 66 т матэрыяльных сродкаў.

У Мінабароны РФ таксама паведамілі, што пры садзейнічанні расійскіх міратворцаў з тэрыторыі Арменіі ў Нагорны Карабах з 14 лістапада вярнуліся 23 514 бежанцаў. Пры каардынацыі міратворчых сіл РФ і Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа прадаўжаюцца пошук і абмен целамі загінулых.

Расійскія міратворцы знаходзяцца ў зоне нагорнакарабахскага канфлікту ў адпаведнасці з дамоўленасцямі, зафіксаванымі 9 лістапада ў сумеснай заяве прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, лідара Азербайджана Ільхама Аліева і прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна аб поўным спыненні агню ў рэгіёне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі