Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
01 верасня 2025, 11:46

Пуцін: прынцыпы ААН правільныя і непахісныя па сённяшні дзень

Фота прэс-службы Прэзідэнта РФ
Фота прэс-службы Прэзідэнта РФ
1 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ключавыя прынцыпы Статута ААН, сярод якіх вяршэнства міжнароднага права, а таксама права кожнай дзяржавы на суверэнітэт і паважанне яе інтарэсаў і незалежнасці, "правільныя і непахісныя" па сённяшні дзень. На гэта звярнуў увагу прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў ШАС, інфармуе ТАСС.

"Па выніках Другой сусветнай вайны была створана Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, якая ў бягучым годзе таксама адзначае 80-гадовы юбілей, - нагадаў расійскі лідар. - А ў яе статут увайшлі ключавыя прынцыпы: вяршэнства міжнароднага права, права нацыі на самавызначэнне, суверэнная роўнасць, неўмяшанне ва ўнутраныя справы, паважанне незалежнасці і нацыянальных інтарэсаў кожнай дзяржавы. Гэтыя прынцыпы правільныя і непарушныя па сённяшні дзень".

Ён падкрэсліў, што менавіта на гэтых прынцыпах выбудоўваецца дзейнасць Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, "якая аб'ядноўвае аднадумцаў, прыхільных да ідэй пабудовы справядлівага шматпалярнага светапарадку".

Паводле слоў Пуціна, да гэтага пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў ШАС быў падрыхтаваны "значны пакет дакументаў", а ў галоўным з іх - Цяньцзіньскай дэкларацыі - будуць адлюстраваны "ўзгодненыя падыходы краін-удзельніц па надзённых пытаннях глабальнага і рэгіянальнага парадку дня".

Расійскі лідар таксама заявіў, што мадэлі светаўладкавання з арыентацыяй на Еўропу і Паўночную Амерыку адыходзяць у мінулае. На змену ім прыходзіць сапраўды справядлівая сістэма. Паводле яго слоў, ШАС уносіць адчувальны ўклад ва ўмацаванне атмасферы супрацоўніцтва і ўзаемнага даверу на ўсім Еўразійскім кантыненце, дапамагаючы тым самым закласці палітычныя і сацыяльна-эканамічныя перадумовы для фарміравання ў Еўразіі новай сістэмы стабільнасці, бяспекі і мірнага развіцця.

Прэзідэнт РФ адзначыў, што адной з прыярытэтных задач з'яўляецца падтрыманне стабільнасці па перыметры межаў краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Ён таксама назваў вельмі важнымі вынесеныя на падпісанне сёння пагадненні аб заснаванні ў Ташкенце ўніверсальнага цэнтра ШАС, які зоймецца рэагаваннем на ўвесь спектр сучасных выклікаў і пагроз, і аб адкрыцці ў Душанбэ асобнага антынаркатычнага цэнтра. "Разлічваем, што гэтыя цэнтры пачнуць работу ўжо ў бліжэйшы час", - падкрэсліў Пуцін.

Акрамя таго, расійскі лідар заявіў, што пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва пройдзе ў Маскве ў лістападзе 2025 года.

Саміт ШАС, які праходзіць з 31 жніўня па 1 верасня ў кітайскім горадзе Цяньцзінь, - самы маштабны за ўсю гісторыю аб'яднання. На яго былі запрошаны больш за 30 лідараў краін і кіраўнікоў міжнародных арганізацый.

ШАС была заснавана ў Шанхаі 15 чэрвеня 2001 года. Кітай прыняў на сябе ратацыйнае старшынства ў ШАС у ліпені 2024 года пасля саміту ў Астане.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі