ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 23 студзеня 2020
Мінск Пераменная воблачнасць -1°C
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
15 студзеня 2020, 17:50

Пуцін прапанаваў правесці рэферэндум аб змяненнях у Канстытуцыю РФ

Уладзімір Пуцін. Фота ТАСС
Уладзімір Пуцін. Фота ТАСС

15 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прапанаваў правесці рэферэндум аб змяненнях у Канстытуцыю, якія датычацца палітычнага ладу краіны. З такой ініцыятывай ён выступіў сёння ў штогадовым пасланні Федэральнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адна з цэнтральных прапаноў - даверыць Дзяржаўнай думе права зацвярджэння кандыдатуры прэм'ер-міністра, віцэ-прэм'ераў і федэральных міністраў. Пры гэтым Уладзімір Пуцін адзначыў, што прэзідэнт будзе абавязаны назначыць прапанаваных кандыдатаў на пасаду. "Інакш кажучы не будзе мець права адхіліць зацверджаныя парламентам кандыдатуры адпаведных службовых асоб", - растлумачыў ён. Цяпер Прэзідэнт толькі атрымлівае згоду Дзярждумы наконт кандыдатуры прэм'ер-міністра, а затым ужо сам назначае кіраўніка ўрада, яго намеснікаў і ўсіх міністраў.

Адначасова Уладзімір Пуцін прапанаваў назначаць кіраўнікоў сілавых ведамстваў па выніках кансультацый з Саветам Федэрацыі. На яго думку, такі падыход зробіць работу сілавых структур і праваахоўных органаў больш празрыстай і падсправаздачнай грамадству.

У той жа час, лічыць Уладзімір Пуцін, прэзідэнт павінен захаваць за сабой права адхіляць ад пасады прэм'ер-міністра і федэральных міністраў. "Расія павінна заставацца моцнай прэзідэнцкай рэспублікай, таму за прэзідэнтам, безумоўна, павінна захоўвацца як права вызначаць задачы і прыярытэты дзейнасці ўрада, так і права адхіляць ад пасады старшыню ўрада, яго намеснікаў і федэральных міністраў", - сказаў ён, дадаўшы, што адхіляць ад гэтых пасад трэба ў выпадках неналежнага выканання абавязкаў або ў сувязі са стратай даверу.

Уладзімір Пуцін прапанаваў таксама ўнесці папраўкі ў Канстытуцыю РФ, якія забараняюць мець замежнае грамадзянства або пасведчанне на права жыхарста асобам, якія займаюць ключавыя пасады. "Прапаную на канстытуцыйным узроўні замацаваць абавязковае патрабаванне да асоб, якія займаюць пасады, крытычна важныя для забеспячэння бяспекі, суверэнітэту краіны, а менавіта кіраўнікі суб'ектаў Федэрацыі, члены Савета Федэрацыі, дэпутаты Дзярждумы, старшыня ўрада, яго намеснікі, федэральныя міністры, кіраўнікі іншых федэральных органаў, а таксама суддзі не могуць мець замежнае грамадзянства, пасведчанне на права жыхарства або іншы дакумент, які дае магчымасць пастаянна пражываць на тэрыторыі іншай дзяржавы", - заявіў Уладзімір Пуцін.

Ініцыявана змяніць і патрабаванні да кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Расіі. "Прапаную замацаваць для кандыдатаў у прэзідэнты патрабаванне аб пастаянным пражыванні на тэрыторыі Расіі не менш за 25 гадоў, а таксама аб адсутнасці замежнага грамадзянства і пасведчання на права жыхарства ў іншай дзяржаве. Прычым не толькі на момант удзелу ў выбарах, але і калі б там ні было раней", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін. Цяпер Канстытуцыя РФ прадугледжвае, што прэзідэнтам краіны можа быць выбраны грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які пастаянна пражывае ў ёй не менш за 10 гадоў.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін лічыць неабходным узмацніць ролю губернатараў і Дзяржаўнага савета краіны і замацаваць адпаведныя палажэнні ў Канстытуцыі РФ. Акрамя таго, ён прапанаваў замацаваць у Асноўным законе краіны прынцыпы адзінай сістэмы ўлады, што, на яго думку, дасць магчымасць вырашыць праблему разрыву паміж дзяржаўным і муніцыпальным узроўнямі кіравання.

Асобная ініцыятыва датычыцца замацавання прыярытэту Канстытуцыі РФ у расійскай прававой прасторы. "Гэта азначае, што патрабаванні міжнароднага заканадаўства і прыгавораў, а таксама рашэнні міжнародных органаў могуць дзейнічаць на тэрыторыі Расіі толькі ў той частцы, у якой яны не прыводзяць да абмежавання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, не супярэчаць нашай Канстытуцыі", - сказаў Уладзімір Пуцін.

У дадатак да палітычных ініцыятыў прэзідэнт Расіі прапанаваў замацаваць у Канстытуцыі нормы аб перавышэнні ўзроўню мінімальнага памеру аплаты працы над пражытачным мінімумам працаздольнага насельніцтва, а таксама аб штогадовай індэксацыі пенсій.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што ініцыяваныя папраўкі не закранаюць фундаментальных асноў Канстытуцыі, а значыць могуць быць зацверджаны парламентам у рамках дзеючай працэдуры праз прыняцце адпаведных канстытуцыйных законаў. Тым не менш, ён прапанаваў правесці ўсенароднае галасаванне па ўсім пакеце змяненняў. "Улічваючы, што прапанаваныя навацыі датычацца істотных змяненняў палітычнай сістэмы, дзейнасці выканаўчай, заканадаўчай, судовай улады, лічу неабходным правесці галасаванне грамадзян краіны па ўсім пакеце прапанаваных паправак у Канстытуцыю Расійскай Федэрацыі і толькі па яго выніках прымаць канчатковае рашэнне", - заявіў Уладзімір Пуцін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі