Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
29 кастрычніка 2020, 15:16

Прэзідэнт Малдовы папярэдзіў аб небяспецы дэстабілізацыі ў краіне пасля выбараў

29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон папярэдзіў аб небяспецы дэстабілізацыі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 1 лістапада і заклікаў замежных партнёраў, якія фінансуюць апазіцыю, не ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны, паведамляе ТАСС.

"Каб не здарылася так, што вы выйдзеце на так званы мірны пратэст, а за вашымі спінамі апынуцца бандыты, якія хочуць дэстабілізацыі і рэваншу алігархаў, якія збеглі з краіны. Паважаныя партнёры, якія фінансуюць грантамі апазіцыю, не ўмешвайцеся ва ўнутраныя справы", - сказаў Ігар Дадон, адказваючы на пытанні журналістаў у ходзе прамога ўключэння ў сацыяльных сетках.

Ён дадаў, што прызнае любы рэзультат галасавання, пры гэтым выказаўшы ўпэўненасць у сваёй перамозе. "Было б ідэальна, каб адразу пасля выбараў, незалежна ад таго, хто выйграў, ад замежных партнёраў паступіў бы дакладны сігнал, што выбары прайшлі ў адпаведнасці з дэмакратычнымі прынцыпамі, каб папярэдзіць дэстабілізацыю", - сказаў прэзідэнт Малдовы.

Паводле яго слоў, ёсць звесткі, што некаторыя няўрадавыя арганізацыі ўжо рыхтуюць глебу, каб прызнаць вынікі выбараў фальсіфікаванымі. Ігар Дадон звярнуў увагу на ініцыятыву шэрага арганізацый правесці апытанні па тэлефоне і прадставіць іх як экзітполы. Напярэдадні Цэнтрвыбаркам не выдаў дазвол на правядзенне такога апытання.

На пасаду кіраўніка рэспублікі балаціруюцца восем кандыдатаў, аднак усе апытанні называюць фаварытам дзеючага прэзідэнта Ігара Дадона. Паводле даных сацыёлагаў, канкурэнцыю яму можа скласці толькі лідар праеўрапейскай Партыі дзеяння і салідарнасці Мая Санду, якая мае намер узяць рэванш за паражэнне ў другім туры на выбарах 2016 года. Яна ўжо абвінаваціла ўлады ў падрыхтоўцы фальсіфікацый і таксама прыгразіла ініцыяваць акцыі пратэсту.

У Малдове прэзідэнт выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на чатырохгадовы тэрмін. Пераможцам выбараў будзе прызнаны кандыдат, які набраў больш за палавіну галасоў выбаршчыкаў. Калі такога не будзе, праз два тыдні будзе праведзены другі тур, у якім прымуць удзел два лідары першага тура. За выбарамі будуць сачыць больш за 2 тыс. наглядальнікаў. Сярод іх наглядальнікі ад ЕС, СНД, Міжпарламенцкай асамблеі СНД, Еўрапейскай сеткі арганізацый па назіранні за выбарамі, Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута міжнародных адносін ЗША і іншых арганізацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі