ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Субота, 28 лістапада 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць 0°C
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
19 лістапада 2020, 10:29

Прэм'ер Японіі назваў сітуацыю з каранавірусам у краіне максімальна трывожнай

Ёсіхідэ Суга. Фота   Associated Press
Ёсіхідэ Суга. Фота Associated Press

19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Улады Японіі ўсведамляюць, што сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса ў краіне выйшла на максімальна трывожны ўзровень. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Ёсіхідэ Суга, паведамляе ТАСС.

"Гаворачы аб распаўсюджванні каранавіруса, напярэдадні колькасць новых выпадкаў заражэння перасягнула рэкордную адзнаку, і мы ўсведамляем, што гэта максімальна трывожная сітуацыя", - адзначыў ён. Суга таксама падкрэсліў, што адміністрацыі Токіа было прапанавана разгледзець магчымасць заклікаць жыхароў сталіцы, дзе 18 лістапада таксама быў зафіксаваны максімальны прырост новых выпадкаў заражэння, адмовіцца ад паходаў у кафэ і рэстараны групамі больш за чатыры чалавекі.

Кіраўнік японскага ўрада чарговы раз заклікаў мясцовае насельніцтва садзейнічаць барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса - насіць маскі і выконваць сацыяльную дыстанцыю. "Спецыялісты асабліва адзначаюць рызыку заражэння ва ўстановах грамадскага харчавання і рэкамендуюць пасля заканчэння прыёму ежы адразу адзяваць маску", - адзначыў ён, папрасіўшы таксама, каб у людных месцах мясцовыя жыхары стараліся размаўляць, не павышаючы галасы.

У Японіі 18 лістапада быў устаноўлены максімум сутачнага прыросту новых выпадкаў заражэння - Міністэрства аховы здароўя паведаміла аб больш як 2,8 тыс. новых выпадках інфіцыравання, гэты паказчык упершыню перавысіў адзнаку 2 тыс. Між тым генеральны сакратар кабінета міністраў Японіі Кацунобу Ката заявіў, што на гэты момант, нягледзячы на рост колькасці выпадкаў заражэння, урад не мае намеру прасіць жыхароў краіны абмежаваць перамяшчэнні паміж прэфектурамі.

На мінулым тыдні старшыня Медыцынскай асацыяцыі Японіі Тосіа Накагава выказаў меркаванне, што пагаршэнне статыстыкі можа сведчыць аб прыходзе ў краіну чарговага, ужо трэцяга па ліку, усплёску заражэнняў. Першы з іх быў адзначаны ў красавіку-маі, а другі - з канца ліпеня па сярэдзіну жніўня. Першыя выпадкі інфіцыравання сярод японцаў былі выяўлены ў студзені.

Сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса ў Японіі пагоршылася на фоне змякчэння абмежавальных мер і дзеяння ўрадавай праграмы скідак на турыстычныя паездкі па краіне, якой скарысталіся больш за 30 млн мясцовых жыхароў. Цяпер у Японіі практычна не дзейнічаюць ніякія абмежаванні на вядзенне бізнесу з-за пандэміі. Нашэнне ахоўных масак мае рэкамендацыйны характар, штрафаў за іх адсутнасць не прадугледжана, аднак нават на вуліцах мясцовыя жыхары ўсё ж карыстаюцца гэтымі сродкамі індывідуальнай аховы.

Агульная колькасць заражаных каранавірусам у Японіі перасгнула 121 тыс., памерлі больш за 1,8 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі