
2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасольства Расіі ў Варшаве накіравала ў МЗС Польшчы ноту пратэсту ў сувязі з сілавым захопам будынка расійскай школы. Аб гэтым паведамляе ТАСС.
Расійскае дыппрадстаўніцтва 2 мая праінфармавала, што нота пратэсту была перададзена ў МЗС Польшчы.
Раніцай 29 красавіка супрацоўнікі паліцыі і прадстаўнікі гарадскіх улад, зламаўшы дзверы, уварваліся на тэрыторыю школы пры пасольстве РФ у Варшаве, дзе знаходзіліся дзеці. Улады запатрабавалі пакінуць будынак да вечара таго ж дня. Пасол Расіі ў Польшчы Сяргей Андрэеў заявіў, што расійскае дыппрадстаўніцтва лічыць гэтыя дзеянні проціпраўнымі, аднак вымушана пакінуць будынак.
У МЗС Расіі, каменціруючы захоп будынка, адзначылі, што дзеянні польскіх улад з'яўляюцца недапушчальным парушэннем Венскай канвенцыі 1961 года. Знешнепалітычнае ведамства РФ запэўніла, што рэакцыя з боку Масквы на дзеянні Варшавы будзе жорсткай.
У 2022 годзе ўлады Польшчы заявілі аб намеры канфіскаваць расійскую нерухомую маёмасць у Варшаве. У канцы красавіка таксама паступіла інфармацыя аб тым, што польская пракуратура забрала значныя сумы з рахункаў пасольства РФ і гандлёвага прадстаўніцтва.-0-