
24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бельгійская паліцыя затрымала 239 чалавек пасля беспарадкаў, якімі закончылася дэманстрацыя пратэсту супраць санітарных абмежаванняў у Бруселі, паведамляе ТАСС са спасылкай на Agence France-Presse.
"Было праведзена 228 адміністрацыйных арыштаў за парушэнне грамадскага парадку". Усе затрыманыя былі адпушчаны пасля ўстанаўлення іх асобы. Яшчэ 11 чалавек былі ўзяты пад варту "за захоўванне зброі, непадпарадкаванне органам правапарадку і/або нанясенне ўрону". "Сярод іх шэсць бельгійцаў, трое французаў, адзін нідэрландзец і адзін афганец", - прыводзіць агенцтва вытрымку са справаздачы паліцыі.
Мірная, як запэўніваюць арганізатары, акцыя пратэсту супраць антыкавідных абмежаванняў увечары 23 студзеня закончылася пагромамі ў Еўраквартале Бруселя. Як паведаміў камісарыят паліцыі, у ходзе беспарадкаў пацярпелі як мінімум 12 удзельнікаў маніфестацыі і тры паліцэйскія.
Паводле ацэнак паліцыі, у агульнаеўрапейскай маніфестацыі супраць санітарных абмежаванняў у Еўропе ўдзельнічалі да 50 тыс. чалавек. Удзельнікі акцыі пачалі збор подпісаў пад грамадскай петыцыяй аб адстаўцы ўрада Бельгіі і правядзенні новых выбараў.
Пасля маніфестацыі ў Еўрапейскім квартале Бруселя адбыліся сутыкненні з паліцыяй і пагромы, у якіх прынялі ўдзел да тысячы чалавек. Паліцыя актыўна прымяняла вадамёты і слёзатачывы газ, некалькі дзясяткаў маніфестантаў затрыманы. Разбіты вітрыны магазінаў і шкло ў некалькіх будынках інстытутаў ЕС. Пратэстуючыя разбілі і спалілі некалькі аўтамабіляў і мноства кантэйнераў для смецця.-0-