
9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Швейцарыі Іньяцыа Касіс выбраны прэзідэнтам краіны на 2022 год. Аб гэтым паведамляе агенцтва Associated Press.
Па рашэнні парламента Швейцарыі, з 1 студзеня 2022 года 60-гадовы Іньяцыа Касіс зменіць на пасадзе прэзідэнта Гі Пармелена. Іньяцыа Касіс па адукацыі ўрач. У свой час уваходзіў у Нацыянальны савет Швейцарыі і быў віцэ-прэзідэнтам Медыцынскай асацыяцыі краіны. У 2017 годзе Касіс узначаліў МЗС. З 1 студзеня 2021 года - віцэ-прэзідэнт Швейцарыі.
Як адзначае ТАСС, пасаду прэзідэнта ў Швейцарыі па чарзе займаюць члены Федэральнага савета (урада), які складаецца з сямі міністраў. Вынік праведзеных выбараў быў прадвызначаны кансэнсусам буйнейшых партый, якія ўваходзяць ва ўрад, і змена прэзідэнта не паўплывае на палітыку краіны, паколькі праблемы вырашаюцца ва ўрадзе калегіяльна. Прэзідэнт у Швейцарыі не з'яўляецца кіраўніком дзяржавы: гэта прэрагатыва Федэральнага савета. Прэзідэнт старшынствуе на пасяджэннях урада, пры роўнасці галасоў яго меркаванне становіцца вырашальным, ён таксама прымае кіраўнікоў замежных дзяржаў, якія наведваюць з візітамі Швейцарыю.-0-