Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
01 лістапада 2018, 19:36

Парламент Арменіі паўторна не выбраў Пашыняна прэм'ер-міністрам

1 лістапада, Ерэван /БЕЛТА - Арменпрэс/. Парламент Арменіі паўторна не выбраў выконваючага абавязкі прэм'ер-міністра Нікола Пашыняна на пасаду кіраўніка ўрада. Ён зноў быў адзіным вылучаным кандыдатам на гэту пасаду.

Такім чынам, у адпаведнасці з Канстытуацыяй Арменіі Нацыянальны сход краіны VI склікання распускаецца.

На пасяджэнні, ініцыіраваным блокам "Елк", Нікол Пашынян не атрымаў патрэбнай колькасці галасоў. За і супраць яго кандыдатуры не прагаласаваў ніводны дэпутат, устрымаліся 13 чалавек. Для выбрання прэм'ер-міністра неабходна было 53 галасы.

Упершыню ў гісторыі незалежнай Арменіі парламент распускаецца да ўстаноўленага тэрміну.

Прэм'ер-міністр падаў у адстаўку 16 кастрычніка, каб паскорыць працэс роспуску заканадаўчага органа краіны. У той жа дзень прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян прыняў адстаўку ўрада. Нацыянальны сход Арменіі на пасяджэнні 24 кастрычніка не выбраў прэм'ер-міністра. На другім этапе кандыдатура Нікола Пашыняна была вылучана з перспектывай яго невыбрання.

Калі на працягу двух тыдняў пасля адстаўкі прэм'ер-міністр не выбіраецца большасцю галасоў ад агульнай колькасці дэпутатаў, то Нацыянальны сход распускаецца. Будуць назначаны пазачарговыя парламенцкія выбары, якія пройдуць у першай палавіне снежня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі