Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
27 мая 2019, 11:29

Папярэднія вынікі выбараў у Еўрапарламент: былыя лідары страчваюць большасць

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хрысціянска-дэмакратычная Еўрапейская народная партыя (ЕНП) атрымала найбольшую колькасць мандатаў на праведзеных 23-26 мая выбарах у Еўрапарламент (ЕП), паведамляецца на афіцыйным сайце ЕП.

Згодна з папярэднімі вынікамі, ЕНП атрымлівае 179 мандатаў у парламенце новага склікання. Услед за ёй ідзе "Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў" (ПАСД) са 150 мандатамі. Абедзве партыі, якія з'яўляюцца буйнейшымі ў Еўропе, на гэтых выбарах змаглі захаваць лідзіруючыя пазіцыі. Тым не менш і ЕНП, і ПАСД страцілі значную колькасць месцаў у параўнанні з вынікамі выбараў у ЕП у 2014 годзе. Сумарна абедзве партыі атрымліваюць усяго 320 мандатаў з 751 і больш не могуць удваіх сфарміраваць большасць у Еўрапарламенце. Як піша Deutsche Welle, ім спатрэбіцца падтрымка лібералаў або "зялёных". Лідар ЕНП Манфрэд Вебер у сувязі з гэтым ужо звярнуўся да апошніх: "Зялёныя" - таксама пераможцы гэтага вечара, таму яны нашы магчымыя партнёры. Трэба разам сесці і распрацаваць праект на бліжэйшыя пяць гадоў".

Трэцяе месца заняў "Альянс лібералаў і дэмакратаў у падтрымку Еўропы" ў саюзе з рухам прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. Разам яны атрымалі 107 мандатаў.

У параўнанні з мінулымі выбарамі палепшыла свае пазіцыі партыя "Зялёныя/Еўрапейскі свабодны альянс", якая атрымала 70 мандатаў. За ёй з 58 месцамі ідзе фракцыя "Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты".

Як паказалі вынікі выбараў, у большасці краін Еўрасаюза прадаўжаецца рост папулярнасці еўраскептыкаў і нацыяналістаў, піша ТАСС. "Еўрапейскі альянс народаў і нацый", большасць членаў якога прадстаўляюць французскую партыю "Нацыянальнае аб'яднанне" Марын Ле Пен, а таксама партыя "Еўропа за свабоду і дэмакратыю" атрымалі разам 111 мандатаў. У Еўрапарламенце мінулага склікання яны мелі 78 мандатаў.

Адным з сюрпрызаў гэтых выбараў у Еўрапарламент стала высокая яўка выбаршчыкаў - 51 працэнт. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў яўка няўхільна падала і дасягнула мінімуму (42,6 працэнта) у 2014 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі