Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
17 мая 2022, 10:15

Newsweek: Байдэн прайграў бітву з інфляцыяй

17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінула ўжо 300 дзён з таго часу, як прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што высокая інфляцыя будзе часовай з'явай. Аднак цэны ў ЗША прадаўжаюць біць чарговыя рэкорды. З гэтага можна зрабіць выснову, што амерыканскі лідар прайграў бітву з інфляцыяй, піша часопіс Newsweek.

19 ліпеня 2021 года Джо Байдэн, выступаючы ў Белым доме, заявіў, што значны рост цэн, які адбыўся на фоне аднаўлення амерыканскай эканомікі, не прадоўжыцца доўга. "Некаторыя людзі выказалі занепакоенасць тым, што гэта можа быць прыкметай устойлівай інфляцыі. Але мы так не думаем. Нашы эксперты лічаць і даныя паказваюць, што рост цэн, які мы назіраем, быў чаканы і ён часовы", - гаварыў амерыканскі лідар.

Гадавы ўзровень інфляцыі ў ліпені 2021 года склаў 5,4 працэнта. У той час хадзілі чуткі, што інфляцыя дасягнула піка. Аднак праз 300 дзен пасля каментарыяў Байдэна цэны прадаўжаюць расці, а гадавы ўзровень інфляцыі нават вышэйшы, чым мінулым летам. У красавіку 2022 года інфляцыя дасягнула амаль рэкорднага за 40 гадоў узроўню - 8,3 працэнта.

Паводле даных амерыканскай аўтамабільнай асацыяцыі, сярэдняя цана на бензін на мінулым тыдні таксама абнавіла рэкорд, дасягнуўшы $4,45 за галон.

У ліпені мінулага года Байдэн сказаў, што Федэральная рэзервовая сістэма (ФРС) ЗША незалежная і "павінна рабіць любыя крокі, якія палічыць неабходнымі для падтрымкі моцнага і ўстойлівага аднаўлення эканомікі".

4 мая ФРС абвясціла аб павышэнні працэнтных ставак на паўпрацэнта і, як чакаецца, зробіць яшчэ два павышэнні на паўпрацэнта ў чэрвені і ліпені. Мэтавы паказчык інфляцыі Цэнтрабанка складае 2 працэнты ў гадавым вылічэнні. Кіраўнік ФРС Джэрам Паўэл заявіў, што дасягненне гэтай мэты можа быць балючым.

"Працэс зніжэння інфляцыі да 2 працэнтаў таксама будзе спалучаны з некаторым болем, але самым балючым будзе тое, што мы не зможам справіцца з гэтым, і інфляцыя замацуецца ў эканоміцы на высокім узроўні, - заявіў кіраўнік ФРС. - Ці зможам мы выканаць мяккую пасадку або не, на самай справе можа залежаць ад фактараў, якія мы не кантралюем".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі