Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
17 студзеня 2019, 15:14

На Ізраіль абрушыўся моцны шторм

17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Самы моцны за гэту зіму шторм абрушыўся на Ізраіль вечарам 16 студзеня: у многіх раёнах краіны прайшлі дажджы, а ў Іерусаліме і на поўначы выпаў снег. Аб гэтым паведамляе інтэрнэт-газета The Times of Israel.

З-за снегу амаль усе дарогі ў раёне Іерусаліма былі блакіраваны ў ноч на 17 студзеня. На гэты момант рух адноўлены, паколькі снег хутка растаў. Снежнае покрыва пакуль засталося на поўначы краіны. На ўзгорках гарналыжнага курорта Хермон за апошнія суткі выпала каля 40 см снегу, з-за непагоды курорт сёння будзе закрыты.

На астатняй частцы Ізраіля прайшлі праліўныя дажджы з навальніцамі, вышыня хваль у Міжземным моры дасягала 8 м. Месцамі моцны вецер ламаў і вырываў з каранямі дрэвы. Два чалавекі ў цэнтральнай частцы краіны пацярпелі з-за таго, што на аўтамабіль, у якім яны знаходзіліся, упала дрэва. Мужчына і жанчына былі дастаўлены ў бальніцу з лёгкімі траўмамі. Яшчэ некалькі чалавек звярнуліся па медыцынскую дапамогу з траўмамі і ўдарамі, атрыманымі з-за галалёду.

З-за моцнага ветру і дрэннай бачнасці вечарам 16 студзеня не выконваліся рэйсы з аэрапортаў Эйлат і Уўда, паведамляе амерыканскае інтэрнэт-выданне Yeshiva World News.

Электрычная кампанія Ізраіля паведаміла, што з-за шторму ў ноч на 17 студзеня быў пабіты рэкорд спажывання электраэнергіі ў краіне.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, штармавое надвор'е сёння аслабне, хоць у цэнтральных і паўднёвых рэгіёнах Ізраіля чакаецца моцны вецер і невялікі дождж, а ўжо на выхадных будзе ясна і пацяплее.

Нягледзячы на тое, што шторм даставіў пэўныя складанасці камунальным службам, напярэдадні вечарам ізраільскія сацыяльныя сеткі запоўніліся фатаграфіямі жыхароў Іерусаліма, якія ляпілі снежкі і радаваліся рэдкай з'яве надвор'я.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі