Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
12 мая 2022, 14:37

МЗС РФ: на ўступленне Фінляндыі ў НАТА Расія будзе вымушана адказаць крокамі ваенна-тэхнічнага характару

12 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. На ўступленне Фінляндыі ў НАТА Расія будзе вымушана адказаць крокамі ваенна-тэхнічнага характару. Аб гэтым гаворыцца ў заяве МЗС РФ, паведамляе БЕЛТА.

У расійскім знешнепалітычным ведамстве адзначылі: заява прэзідэнта і прэм'ер-міністра Фінляндыі, якія выказаліся сёння на карысць далучэння гэтай краіны да НАТА, з'яўляецца радыкальным змяненнем фінляндскага знешнепалітычнага курсу. "На працягу дзесяцігоддзяў палітыка ваеннага недалучэння служыла асновай стабільнасці ў паўночнаеўрапейскім рэгіёне, забяспечвала надзейны ўзровень бяспекі фінляндскай дзяржавы, была трывалай асновай для выбудоўвання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і партнёрскіх адносін паміж нашымі краінамі, у якіх роля ваеннага фактару была зведзена да нуля, - канстатуецца ў заяве. - Ні запэўніванні Расіі аб адсутнасці якіх-небудзь варожых намераў у адносінах да Фінляндыі, ні доўгая гісторыя добрасуседскага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва нашых краін не пераканалі Хельсінкі ў перавагах захавання курсу на ваеннае недалучэнне".

"Мэта НАТА, краіны-члены якой напорыста пераконвалі фінскі бок у безальтэрнатыўнасці членства ў альянсе, зразумелая - прадоўжыць расшырэнне да граніц Расіі, стварыць яшчэ адзін фланг для ваеннай пагрозы нашай краіне, - заявілі ў МЗС РФ. - Але навошта Фінляндыі ператвараць сваю тэрыторыю ў рубеж ваеннага процістаяння з Расійскай Федэрацыяй, пазбаўляючыся пры гэтым самастойнасці ў прыняцці ўласных рашэнняў, рассудзіць гісторыя".

Расійскі бок не раз адзначаў, што выбар шляхоў забеспячэння сваёй нацыянальнай бяспекі - за ўладамі і народам Фінляндыі. "Аднак у Хельсінкі павінны разумець адказнасць і наступствы такога кроку. Далучэнне Фінляндыі да НАТА нанясе сур'ёзную шкоду двухбаковым расійска-фінляндскім адносінам, падтрыманню стабільнасці і бяспекі ў паўночнаеўрапейскім рэгіёне. Расія будзе вымушана зрабіць крокі ў адказ як ваенна-тэхнічнага, так і іншага характару ў мэтах купіравання ўзнікаючых у сувязі з гэтым пагроз яе нацыянальнай бяспецы", - гаворыцца ў заяве.

"Уступленне ў НАТА стане таксама прамым парушэннем міжнародна-прававых абавязацельстваў Фінляндыі, перш за ўсё, Парыжскага мірнага дагавора 1947 года, які прадугледжвае абавязацельства бакоў не заключаць саюзы ці ўдзельнічаць у кааліцыях, накіраваных супраць адной з іх, а таксама Дагавора 1992 года паміж Расіяй і Фінляндыяй аб асновах адносін, якім устаноўлена, што бакі будуць устрымлівацца ад пагрозы сілай або прымянення сілы супраць тэрытарыяльнай цэласнасці або палітычнай незалежнасці іншага боку, не будуць выкарыстоўваць ці дазваляць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для ўзброенай агрэсіі супраць іншага боку. Але з улікам цяперашняга абыякавага стаўлення калектыўнага Захаду да міжнароднага права, такія паводзіны сталі нормай", - падкрэслілі ў МЗС РФ.

"Будзем рэагаваць па сітуацыі", - дадалі ў расійскім знешнепалітычным ведамстве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі