Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
07 лютага 2020, 15:56

Моцны шторм абрушыўся на ЗША, ёсць загінулыя

7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля чатырох чалавек загінула ў выніку шторму, што абрушыўся 6 лютага на паўднёвы ўсход ЗША. Аб гэтым паведамляе Associated Press.

Моцны зімовы шторм прынёс моцны вецер, ліўні і апоўзні ў дзясяткі паўднёва-ўсходніх штатаў ЗША. Дзясяткі мільёнаў жыхароў гэтай часткі ЗША атрымалі папярэджанні аб магчымай паводцы.

Фронт шторму разбурыў мабільныя дамы ў Місісіпі і Алабаме, выклікаў апоўзні ў Тэнэсі і Кентукі. З-за праліўных дажджоў і моцнай паводкі губернатар Вірджыніі Ральф Нортхем увечары 6 лютага аб'явіў у некалькіх раёнах штата надзвычайнае становішча.

Ад паводкі сур'ёзна пацярпелі паўднёва-ўсходнія раёны штата Кентукі. Надзвычайную сітуацыю абвясцілі ў акругах Харлан, Бэл, Нокс, Летчэр, Флойд. Дзясяткі дарог тут затоплены і завалены дрэвамі.

Амерыканская кампанія AccuWeather, што прадастаўляе паслугі па прагназаванні надвор'я па ўсім свеце, паведамляе, што з-за моцнага ветру каля 148 тыс. карыстальнікаў у штаце Фларыда засталіся без электрычнасці.

Работа міжнароднага аэрапорта Шарлот-Дуглас у Паўночнай Караліне была спынена на тры гадзіны, пакуль паветраную гавань аглядалі на прадмет пашкоджанняў пасля ўрагану. Дрэннае надвор'е выклікала масавыя затрымкі ў самым загружаным аэрапорце свету Хартсфілд-Джэксан Атланта днём 6 лютага, паведамляе CNN.

У выніку разгулу стыхіі загінулі чатыры чалавекі, дзясяткі пацярпелі, некалькі лічацца прапаўшымі без вестак. Колькасць загінулых і параненых можа ўзрасці, паколькі ліквідацыя наступстваў прадаўжаецца.

Сіноптыкі прагназуюць, што да канца бягучага тыдня ў населеных пунктах ад Тэхаса да Новай Англіі будуць назірацца моцныя снегапады, а на тэрыторыі ад Сярэдняга Захаду да Сярэдняй Атлантыкі пройдуць моцныя ліўні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі