Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
12 студзеня 2023, 14:19

Модзі: глабальны эканамічны рост у XXI стагоддзі забяспечаць краіны, што сталі на шлях развіцця

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У XXI стагоддзі эканамічны рост развітых краін запаволіўся, і цяпер сусветная эканоміка будзе расці за кошт краін, што сталі на шлях развіцця. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі на адкрыцці двухдзённага анлайн-саміту "Голас Глабальнага Поўдня", паведамляе ТАСС.

Краіны Поўдня выходзяць на пярэдні план

"У XX стагоддзі развітыя краіны былі рухаючай сілай сусветнай эканомікі. Сёння большасць гэтых краін з развітой эканомікай запавольваецца. Зразумела, што ў XXI стагоддзі глабальны рост будзе ісці за кошт краін Поўдня. Я думаю, што калі мы будзем працаваць разам, мы зможам сфарміраваць глабальны парадак дня", - заявіў Модзі.

Ён звярнуў увагу на агульныя праблемы, якія цяпер хвалююць краіны, што сталі на шлях развіцця. У асноўным гэта недахоп рэсурсаў для патрэб гэтых краін у галіне развіцця і ўзрастаючая нестабільнасць "як у прыродным, так і ў геапалітычным клімаце". "Нягледзячы на гэта, таксама зразумела, што мы, краіны, якія сталі на шлях развіцця, поўныя пазітыўнай энергіі, поўныя ўпэўненасці", - адзначыў Модзі.

"Нашы намаганні будуць заключацца ў тым, каб вызначыць напрамкі дзеянняў для Глабальнага Поўдня - як адносна таго, што мы можам зрабіць разам, так і адносна таго, чаго мы можам разам дабівацца ў глабальным парадку дня. Голас Глабальнага Поўдня павінен задаваць уласную танальнасць. Разам мы павінны вырвацца з замкнутага круга залежнасці ад сістэм і абставін, створаных не намі", - заклікаў прэм'ер Індыі.

Глабальны крызіс

Паводле слоў індыйскага прэм'ера, свет знаходзіцца ў крызісе. "Свет знаходзіцца ў стане крызісу. Цяжка прадказаць, як доўга прадоўжыцца гэты стан нестабільнасці", - сказаў Модзі.

Ён адзначыў, што "перагорнута старонка яшчэ аднаго цяжкага года, які стаў сведкам канфлікту, тэрактаў і геапалітычнай напружанасці, павышэння цэн на прадукты харчавання, угнаенні і паліва, змянення клімату, прыродных катастроф, а таксама працяглага ўздзеяння пандэміі COVID-19 на эканомікі краін".

"Мы сустракаемся сёння на заранку новага года, які прыносіць новыя надзеі і новую энергію", - падкрэсліў індыйскі прэм'ер.

Аб'яднаць намаганні і стварыць новы парадак

Нарэндра Модзі зіклікаў краіны, што сталі на шлях развіцця, аб'яднаць намаганні і выступаць сумесна для абароны сваіх інтарэсаў на міжнароднай арэне.

"Мы падтрымлівалі адзін аднаго ў барацьбе супраць замежнага панавання, і мы можам зрабіць гэта зноў у бягучым стагоддзі, каб стварыць новы сусветны парадак, які забяспечыць дабрабыт нашых грамадзян. Ваш голас - гэта голас Індыі, а вашы прыярытэты - гэта прыярытэты Індыі", - сказаў Модзі.

Ён адзначыў, што большасць існуючых цяпер праблем не былі створаны Глабальным Поўднем, але "асабліва ўплываюць" на яго.

"Мы павінны разам заклікаць да глабальнай праграмы рэагавання, прызнання, паважання і дзеянняў у адказ. Нягледзячы на праблемы, з якімі сутыкаецца свет, што стаў на шлях развіцця, я захоўваю аптымізм - наш час прыйдзе", - адзначыў прэм'ер Індыі.

Голас Глабальнага Поўдня

Індыя праводзіць 12-13 студзеня віртуальны саміт, прысвечаны праблемам краін Глабальнага Поўдня. Яго тэма: "Адзіны голас, адзіная мэта".

Глабальным Поўднем умоўна называюць краіны Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, ціхаакіянскіх астравоў, а таксама краіны Азіі, што сталі на шлях развіцця.

Да ўдзелу ў саміце запрошаны прадстаўнікі больш як 120 краін. У рамках мерапрыемства арганізаваны дзесяць сесій, дзве з якіх пройдуць на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, восем - на ўзроўні міністраў.

Раней першы намеснік міністра замежных спраў Індыі Вінай Кватра назваў гэты саміт новай унікальнай ініцыятывай. "Па сутнасці, саміт прадугледжвае аб'яднанне краін Глабальнага Поўдня і абмен поглядамі і прыярытэтамі на адной пляцоўцы па ўсім спектры пытанняў", - дадаў ён.

Кватра адзначыў, што апошнія падзеі ў свеце сур'ёзна паўплывалі на краіны, што сталі на шлях развіцця. Сярод іх ён назваў пандэмію каранавіруса, бягучы канфлікт ва Украіне, узрастаючыя праблемы з доступам да прадуктаў харчавання, угнаенняў і паліва, змяненне клімату, інфляцыю.

"Гэтыя праблемы не атрымлівалі належнай увагі на міжнароднай арэне. Акрамя таго, існуючыя пляцоўкі аказаліся няздольнымі вырашыць выклікі, што ўзніклі ў краінах, якія сталі на шлях развіцця", - адзначыў дыпламат.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі