
24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінабароны Расіі распаўсюдзіла заяву аб магчымасці складанай радыяцыйнай абстаноўкі, якая можа скласціся вакол Запарожскай атамнай электрастанцыі (ЗАЭС) - самай вялікай атамнай станцыі ў Еўропе. Такая інфармацыя апублікавана ў афіцыйным Telegram-канале Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі.
Калі ваеннаслужачыя Украіны не спыняць абстрэльваць Запарожскую атамную станцыю, то, згодна з прагнозамі, выкід радыеактыўных рэчываў можа закрануць амаль усю Еўропу, адзначаюць у Мінабароны РФ.
У ведамстве прыводзяць статыстку, што з 24 лютага 2022 года тэрыторыя АЭС зведала 39 агнявых удараў УСУ, у тым ліку з выкарыстаннем артылерыі і беспілотных лятальных апаратаў.
"Абстрэлы станцыі з боку УСУ не выклікалі спачатку апасенні ў сусветнай супольнасці, паколькі, паводле заключэння шэрага амерыканскіх спецыялістаў, рызыка распаўсюджвання радыяцыі пры пападанні буйнакаліберных артылерыйскіх снарадаў у кантэйнеры адпрацаванага ядзернага паліва будзе нязначнай, а ядзерныя рэактары вытрымліваюць падзенне грамадзянскага самалёта. Аднак праведзены нашымі спецыялістамі празноз развіцця радыяцыйнай абстаноўкі, у далейшым пацверджаны профільнымі еўрапейскімі навуковымі арганізацыямі, паказаў, што выкід радыеактыўных рэчываў закране практычна ўсю Еўропу", - гаворыцца ў паведамленні.
У Мінабароны Расіі таксама адзначылі, што ўкраінскія ваенныя не пакідаюць спробы захапіць дыверсійным спосабам гэту АЭС. І гэта нягледзячы на візіт на станцыю кіраўніка Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэля Гросі. У прыватнасці, 1, 15 і 30 верасня, а таксама 17 кастрычніка спецпадраздзяленні УСУ спрабавалі высадзіць дэсант праз Кахоўскае вадасховішча і ўзяць пад кантроль Запарожскую АЭС.-0-