
4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паўночнаатлантычны альянс у два разы нарасціў сваю ваенную прысутнасць у рэгіёне краін Балтыі. Аб гэтым заявіў міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас, паведамляе ТАСС.
"Сілы НАТА ў нашым рэгіёне павялічаны ў два разы, а калі браць Польшчу - у дзесяць разоў", - сцвярджае міністр. Паводле яго слоў, пік прысутнасці ў Літве саюзнікаў па НАТА чакаецца ў наступным месяцы.
"Гэта прысутнасць пастаянна нарошчваецца. Пік будзе ў маі. Як доўга гэтыя падраздзяленні прабудуць у Літве, будзе залежаць ад сітуацыі ў сферы бяспекі ў рэгіёне", - сказаў Арвідас Анушаўскас. На май у Літве запланаваны вялікія міжнародныя ваенныя вучэнні.
Як раней паведамляла абароннае ведамства, з канца красавіка або пачатку мая ў Літве будуць знаходзіцца адразу два батальёны ваеннаслужачых ЗША. Звычайна яны змяняюцца па ратацыі. У названыя тэрміны ў Літву прыбудзе новы батальён, а той, які цяпер ужо знаходзіцца ў рэспубліцы, ратацыю адкладзе.
У Літве на авіябазе Закняй размешчаны знішчальнікі краін - членаў НАТА, якія, змяняючыся кожныя тры-чатыры месяцы, нясуць дзяжурства ў небе трох краін Балтыі. У рэспубліцы таксама дыслацыраваны каля 3,5 тыс. ваеннаслужачых альянсу, якія ўваходзяць у склад зводнага батальёна НАТА перадавога базіравання і ратацыйнага батальёна ЗША.-0-