Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
06 кастрычніка 2021, 11:57

Мігранты ў Літве расказалі пра жыццё за кратамі: умовы нечалавечыя

6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мігранты, размешчаныя літоўскімі ўладамі ў памяшканні былой калоніі ў Кібартаі, гавораць аб нечалавечых умовах для жыцця. Людзі не разумеюць, чаму іх так доўга трымаюць пад замком, паведамляе літоўскі партал Delfi.

У Кібартай мігрантаў перавялі з літоўскага лагера для бежанцаў у Руднінкаі. Раней у шэрагу замежных СМІ пісалася аб невыносных умовах пражывання ў лагеры ў Руднінкаі: мігранты скардзіліся на няхватку прадуктаў харчавання, адсутнасць цёплых рэчаў, адмову ў медыцынскай дапамозе.

Паводле слоў людзей, у Кібартаі сітуацыя не лепшая. Тут таксама не хапае ежы, а магчымасці хадзіць у магазін няма. Мігранты скардзяцца на санітарныя ўмовы. "У маім пакоі жыве 18 чалавек. Адной ваннай карыстаюцца 150 чалавек", - гаворыць адзін з мігрантаў.

Таксама людзі незадаволены жорсткімі парадкамі ў лагеры: на вуліцу выпускаюць нячаста, і калі раніцай своечасова не ўстаў, то застаешся без снедання.

Мігранты таксама скардзіліся на тое, што іх заяўкі на прыстанішча не разглядаюць з належнай увагай. Адзін субяседнік прадставіўся езідам (народ, які ў асноўным пражывае на поўначы Ірака). Прадстаўнікі ісламу лічаць іх ерэтыкамі. У 2014 годзе тэрарыстычная арганізацыя "Ісламская дзяржава" ўчыніла генацыд езідаў, яшчэ паўмільёна вымушаны былі пакінуць свае дамы. "Тут амаль 100 езідаў. Вы добра ведаеце, што з намі зрабілі мусульмане ў 2014 годзе. І нікога за гэты генацыд не пакаралі, - сказаў субяседнік. - Мы ад іх уцякалі, а цяпер жывём сярод 500 курдаў і арабаў. Пакуль нічога не здарылася, але мы меншасць і на радзіме, і ў Кібартаі, мы баімся магчымай этнічнай чысткі".

Мужчына быў абураны тым, што іх заклікаюць вярнуцца на радзіму, не выслухаўшы перад гэтым. "Заявы некаторых сяброў былі адхілены. Я вельмі баюся, што мяне вышлюць, - сказаў ён. - Пастаянна прыходзіць нейкі чалавек і гаворыць, што мы павінны вярнуцца на радзіму, інакш нам пагражае турма і дэпартацыя, пасля чаго дарога ў ЕС для нас будзе закрыта. Але навошта тады нас трымаюць пад замком? Што мне зрабіць, каб атрымаць прыстанішча? Памерці?"

Сітуацыю пракаменціраваў кіраўнік Кібартайскага цэнтра рэгістрацыі бежанцаў Гінтарас Клімавічус. Паводле яго слоў, большасць умовамі жыцця задаволена. "Я не ведаю, хто тут скардзіцца, - сказаў Гінтарас Клімавічус. - Яны прыехалі з вельмі цяжкіх умоў. Цяпер і цёпла, і весела, і пакоі, і ложак мяняюць кожны тыдзень, іх кормяць тры разы на дзень. Выходзяць на вуліцу, там могуць гуляць у баскетбол, футбол, цягаць штангі".

Гінтарас Клімавічус таксама сказаў, што ніхто дэпартацыямі не пагражае, проста людзей інфармуюць аб тым, у якой сітуацыі яны знаходзяцца. "У нас вісяць аб'явы, людзям увесь час нагадваюць аб магчымасці добраахвотна вярнуцца дадому. Мы абавязаны іх аб гэтым інфармаваць. Але аб дэпартацыі не гаворым. Тым, чые справы ўжо разгледжаны, паведамляем пісьмова, даём дакументы на падпісанне", - сказаў Гінтарас Клімавічус.

Ён таксама адзначыў, што сярод мігрантаў ёсць жадаючыя вярнуцца, на мінулым тыдні такіх было 11. Цяпер у памяшканні былой калоніі ў Кібартаі 677 мігрантаў (у два разы больш, чым тут было зняволеных).-0-

Фота Delfi

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі