Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
03 сакавіка 2020, 13:17

Метэаролагі: вясна ў гэтым годзе будзе цяплейшая, чым звычайна

3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Студзень 2020 года быў самым цёплым за ўсю гісторыю назіранняў. У бліжэйшыя месяцы ў многіх частках планеты тэмпература паветра і акіянаў будзе таксама вышэйшая за сярэднюю, паведамляе Цэнтр навін ААН са спасылкай на Сусветную метэаралагічную арганізацыю (СМА).

Паводле даных СМА, галоўныя фактары, якія вядуць да павелічэння тэмпературы на планеце, - гэта Эль-Ніньё і глабальнае змяненне клімату, выкліканае дзейнасцю чалавека.

Эль-Ніньё - прыродная з'ява, звязаная з ваганнямі тэмпературы паверхні вады ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяна ў спалучэнні са змяненнямі ў цыркуляцыі атмасферы над ім. Эль-Ніньё значна ўплывае на надвор'е і кліматычныя рэжымы і можа стаць прычынай моцных ліўняў, паводкі або засухі.

"Нават тыя месяцы, калі няма эфекту Эль-Ніньё, сталі больш цёплымі, чым у мінулым, паколькі змяненне клімату прывяло да павышэння тэмператур паветра і паверхні мора. Больш як 90 працэнтаў энергіі, што ўтрымліваецца парніковымі газамі, паступае ў акіяны, у выніку чаго цеплазмяшчальнасць акіянаў знаходзіцца на рэкордных узроўнях", - заявіў кіраўнік СМА Петэры Таалас.

Прааналізаваўшы ўплыў феномена Эль-Ніньё і іншых кліматычных фактараў, эксперты СМА прыйшлі да высновы: у бліжэйшы час тэмпература паверхні мора перасягне сярэднія значэнні ў многіх рэгіёнах зямнога шара. У выніку ў сакавіку - маі бягучага года тэмпература на сушы, асабліва ў трапічных шыротах, будзе большая за сярэднія паказчыкі для гэтага перыяду.

У бліжэйшыя некалькі месяцаў чакаюцца ападкі вышэйшыя за сярэдні ўзровень, асабліва на поўнач ад экватара, у цэнтральных раёнах трапічнай вобласці Ціхага акіяна і ў паўднёва-заходняй Індыйскага акіяна. На большай частцы астатняй тэрыторыі заходняга трапічнага і пазатрапічнага раёна Ціхага акіяна захоўваецца верагоднасць ападкаў ніжэй за норму.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі