Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
03 жніўня 2020, 19:36

Менш за 10 працэнтаў людзей перанеслі COVID-19 - СААЗ

3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Толькі каля 10 працэнтаў людзей перанеслі інфекцыйнае захворванне, выкліканае новым каранавірусам. Аб гэтым заявіла на брыфінгу эксперт Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Марыя ван Керкхове, паведамляе ТАСС.

Паводле яе слоў, цяпер па тэме ўстойлівасці да COVID-19 праводзіцца мноства даследаванняў і публікуецца шмат дакладаў па ўсім свеце, якія грунтоўна вывучаюцца СААЗ. "Большасць даследаванняў паказваюць, што менш за 10 працэнтаў людзей серапазітыўныя, гэта значыць у пэўны момант былі інфіцыраваны, - заўважыла эксперт. - Медработнікі ў большай ступені схільныя да заражэння, таму ў гэтай катэгорыі паказчыкі вышэйшыя".

Таксама Марыя ван Керкхове паведаміла, што рэальны каэфіцыент смяротнасці пры заражэнні COVID-19 можа быць меншы, чым той, які падлічаны па афіцыйнай статыстыцы, і знаходзіцца на ўзроўні 0,6 працэнта. Яна ўдакладніла, што такі каэфіцыент можна падлічыць пры ўліку незарэгістраваных выпадкаў інфіцыравання.

"Калі гаварыць пра смяротнасць, то ёсць некалькі спосабаў вызначыць гэты каэфіцыент, - адзначыла яна. - Самы просты - гэта суадносіны колькасці памерлых і колькасці зарэгістраваных выпадкаў інфіцыравання". Паводле даных амерыканскага Універсітэта Джонса Хопкінса, дагэтуль колькасць выпадкаў заражэння COVID-19 у свеце перасягнула 18 млн, памерлі ад ускладненняў, выкліканых інфекцыяй, больш за 690 тыс. чалавек. Адпаведна, каэфіцыент смяротнасці ў такім выпадку будзе складаць крыху больш за 3,8 працэнта.

"Аднак многія спецыялісты цяпер вывучаюць каэфіцыент смяротнасці, улічваючы колькасць смяротных выпадкаў сярод усіх людзей, якія былі інфіцыраваны (у тым ліку тых, хто перанёс захворванне без сімптомаў, і тых, хто не звяртаўся па дапамогу да ўрачоў. - Заўвага ТАСС)", - сказала Марыя ван Керкхове. Паводле яе слоў, гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні меншым за 1 працэнт, а ў некалькіх даследаваннях размова ідзе пра 0,6 працэнта.

Названая лічба, заўважыла эксперт, гучыць не вельмі хвалююча, аднак на самай справе яна вельмі вялікая для віруса, які мае высокія паказчыкі распаўсюджвання. "Таму трэба галоўным чынам сканцэнтраваць намаганні на папярэджанні магчымых выпадкаў заражэння, - заўважыла яна. - Пры гэтым важна абараніць не толькі сябе, але і іншых, калі вы ўсё ж такі заразіліся. У групе рызыкі знаходзяцца людзі, у якіх ёсць праблемы са здароўем, тыя, хто пакутуе ад атлусцення, сардэчна-сасудзiстых захворванняў і хвароб дыхальных шляхоў".

Успышка выкліканага новым каранавірусам захворвання была зафіксавана ў канцы 2019 года ў Цэнтральным Кітаі, затым распаўсюдзілася на большасць краін і 11 сакавіка была прызнана СААЗ пандэміяй.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі