Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
11 чэрвеня 2021, 09:42

Масавая вакцынацыя дапамагла ізраільцянам абзавесціся калектыўным імунітэтам да COVID-19

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Масавая вакцынацыя ад каранавіруса новага тыпу ў Ізраілі засцерагла ад заражэння не толькі тых, хто атрымаў прышчэпку, але і значную частку яшчэ не вакцынаванага насельніцтва. Кожнае павелічэнне долі вакцынаваных на 20 працэнтаў змяншала колькасць новых заражэнняў сярод непрышчэпленых. Аб гэтым паведамляе ТАСС, спасылаючыся на апублікаваныя ў навуковым часопісе Nature Medicine вынікі даследаванняў вучоных.

Ізраіль стаў адной з першых у свеце краін, якая пачала вакцынаваць ад каранавіруса новага тыпу ўсё насельніцтва. Праграму пачалі 20 снежня 2020 года, з 10 студзеня вакцынаваных пачалі прышчэпліваць другім кампанентам. На гэты момант першым кампанентам вакцынаваліся больш за 5,45 млн ізраільцян, другім - больш за 5,1 млн. Гэта больш за палову насельніцтва краіны.

Па ходу вакцынацыі ўлады паступова здымалі абмежаванні, якія стрымлівалі распаўсюджванне каранавіруса. У лютым ізраільцянам дазволілі аддаляцца ад дому на адлегласць больш як кіламетр, змякчылі ўмовы работы гандлёвых цэнтраў і вулічных магазінаў. У сакавіку дазволілі адкрыцца рэстаранам, тэатрам і стадыёнам, у красавіку адмянілі абавязковае нашэнне масак на адкрытым паветры, а ў чэрвені былі зняты амаль усе каранцінныя абмежаванні.

Ізраільскія медыкі пад кіраўніцтвам прафесара Ізраільскага тэхналагічнага інстытута Роя Кішоні зацікавіліся, ці з'явіўся ў жыхароў краіны калектыўны імунітэт да SARS-CoV-2. Справа ў тым, што сярод эпідэміёлагаў няма дакладных уяўленняў аб тым, якая доля насельніцтва павінна атрымаць вакцыну, каб распаўсюджванне каранавіруса спынілася само сабой. Адны лічаць, што для гэтага трэба вакцынаваць не менш як 80 працэнтаў жыхароў краіны, іншыя - што дастаткова і 60 працэнтаў.

Каб праверыць гэтыя тэорыі на практыцы, Рой Кішоні і яго калегі прааналізавалі, як па меры вакцынацыі насельніцтва мянялася доля станоўчых тэстаў на SARS-CoV-2 і колькасць новых заражэнняў COVID-19 у 177 розных рэгіёнах Ізраіля. Пры гэтым эпідэміёлагі выкарыстоўвалі даныя толькі па тых рэгіёнах, дзе ўзровень натуральнага імунітэту да SARS-CoV-2 першапачаткова быў нізкі і не перавышаў адзнакі 10 працэнтаў. Дзякуючы гэтаму вучоныя спрабавалі зразумець, як вакцынацыя паўплывала на тэмпы распаўсюджвання віруса і верагоднасць заражэння.

Аналіз паказаў, што дзякуючы масавай вакцынацыі калектыўны імунітэт у краіне сапраўды сфарміраваўся. У выніку паміж сярэдзінай лютага і пачаткам сакавіка 2021 года, калі доля вакцынаваных жыхароў у большасці вывучаных рэгіёнаў Ізраіля дасягнула адзнакі 60-70 працэнтаў, колькасць заражэнняў сярод непрышчэпленых ізраільцян упала амаль у 10 разоў.

Гэтыя вынікі былі дасягнуты ва ўмовах строгіх каранцінных мер. Далейшыя назірання пакажуць, наколькі эфектыўна калектыўны імунітэт ізраільцян будзе стрымліваць інфекцыю пасля зняцця ўсіх абмежаванняў, падагульнілі даследчыкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі