16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вучоныя выявілі яшчэ адну пагрозу ад лясных пажараў. Яны аказаліся здольныя знішчыць не толькі наземныя, але і марскія экасістэмы, паведамляе "Мір 24" са спасылкай на Nature.
Новае даследаванне, праведзенае з выкарыстаннем спадарожнікавых даных, паказала: пасля пажараў у Аўстраліі 2019-2020 гадоў у Паўднёвым акіяне ўзнік вялізны ўчастак цвітучага фітапланктону. Па памерах гэты ўчастак перасягае ўвесь аўстралійскі кантынент. Ён размешчаны ў самых паўночных водах акіяна, на паўднёвы ўсход ад аўстралійскіх берагоў.
Вучоныя папярэдзілі, што вялізныя "ўздымы" арганічнага матэрыялу небяспечны для марскіх жыхароў. Фітапланктон выцягвае з вады кісларод і можа пакінуць пасля сябе вялікія мёртвыя зоны. Шмат фітапланктону ўзнікла ў тую пару года, калі ў акіяне звычайна назіраецца самая нізкая канцэнтрацыя водарасцей. Але дым ад лясных пажараў усё змяніў.
Вучоныя ўстанавілі, што дым у сваім саставе мае значную колькасць жалеза, неабходнага марскім мікраарганізмам для росту і фотасінтэзу. Вецер адносіў аэразолі ў акіян, з-за чаго ўзровень жалеза ў вадзе павысіўся ў чатыры разы супраць звычайнага ўзроўню. Рэакцыя фітапланктону на багацце пажыўных рэчываў пачалася неадкладна.
"Паскарэнне росту фітапланктону было настолькі хуткім, што яно адставала ад пажараў усяго на некалькі тыдняў, а ў некаторых выпадках усяго на некалькі дзён", - адзначылі марскія біёлагі.
Даследаванне паказала, што лясныя пажары могуць уплываць нават на тыя ўчасткі, якія знаходзяцца на адлегласці многіх кіламетраў ад зоны адкрытага агню.-0-