
17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краіны Захаду імкнуцца паставіць бліжэйшых саюзнікаў Расіі і яе стратэгічных партнёраў у вельмі нязручнае становішча за іх сувязі з Масквой. Аб гэтым заявіў кіраўнік МЗС Расійскай Федэрацыі Сяргей Лаўроў у інтэрв'ю тэлеканалу "Царград", якое было апублікаванае на сайце дыпведамства.
Лаўроў адзначыў, што дастатковая колькасць фактаў сведчыць аб тым, што бліжэйшых саюзнікаў і стратэгічных партнёраў Расіі Захад "ставіць (мякка кажучы) у вельмі нязручнае становішча".
Паводле слоў Лаўрова, з-за гэтага саюзнікі РФ аказваюцца паміж двух агнёў, паколькі істотная доля іх эканамічных сувязей прыпадае на Расію, ЕАЭС і СНД, але ў той жа час свой уплыў аказвае і ўзросшая доля Захаду ў эканоміцы Цэнтральнай Азіі і Закаўказзя.
"Захад метадычна і цынічна патрабуе ад іх не рабіць захадаў, якія супярэчаць яго інтарэсам, абяцаючы залатыя горы. Хоць на самай справе гэта прыводзіць толькі да ўмяшання ва ўнутраныя справы", - падкрэсліў кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства.
Ён таксама дадаў, што не бачыць глыбокага крызісу інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, а нейкія асобныя непаразуменні паміж членамі аб'яднанняў натуральныя.
Пры гэтым Лаўроў адзначыў, што на прасторы былога СССР ЕАЭС дае рэальны вынік - аб'ёмы гандлю растуць да выгады ўсіх удзельнікаў. Паводле яго слоў, немалую выгаду партнёрам прыносяць і дамоўленасці па працоўнай міграцыі, якія дзейнічаюць у рамках ЕАЭС і СНД.
"Гэтыя інтэграцыйныя працэсы інтэнсіўна развіваюцца і нарастаюць", - сказаў на заканчэнне палітык.-0-