Сцяг Нядзеля, 1 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
04 лістапада 2024, 14:19

Лаўроў заявіў, што Захад сам падпісаў прыгавор долару

Фота з архіва
Фота з архіва
4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Захад сам падпісаў прыгавор долару як сусветнай рэзервовай валюце, ператварыўшы яго ў інструмент пакарання геапалітычных канкурэнтаў. Такі пункт гледжання выказаў кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў у час міжнароднага сімпозіума" Ствараючы будучыню", паведамляе ТАСС.

"Долар, які нам дзесяцігоддзямі рэкламавалі як агульны здабытак усяго чалавецтва, ператварылі ў зброю падаўлення і пакарання геапалітычных канкурэнтаў, ды і проста непаслухмяных. Тым самым, па сутнасці, выпісалі долару прыгавор як сусветнай рэзервовай валюце і сродку міжнародных разлікаў", - адзначыў расійскі міністр.

Паводле яго слоў, Злучаныя Штаты і іх саюзнікі самі разбураюць сістэму глабалізацыі, якую "песцілі і рэкламавалі ўсяму свету".

Як падкрэсліў Лаўроў, адваротным бокам гэтай "агрэсіўнай барацьбы з непажаданымі" становіцца тое, што Захад сам сячэ сук, на якім сядзіць, - разбурае глабальную сістэму падзелу працы, якую распаўсюджваў на ўвесь свет з пачатку 1990-х гадоў. "У заходніх сталіцах раптоўна забылі пра такія прынцыпы, як сумленная канкурэнцыя, недатыкальнасць уласнасці, прэзумцыя невінаватасці і многія іншыя", - адзначыў расійскі дыпламат.

Разам з гэтым Лаўроў праінфармаваў, што аб'ём узаемных разлікаў у нацвалютах у знешнім гандлі паміж дзяржавамі - удзельнікамі БРІКС складае каля 65 працэнтаў. І гэта лічба расце. "Нагадаю яшчэ раз, доля нацыянальных валют у разліках РФ з краінамі ШАС і Еўразійскага эканамічнага саюза перасягнула 90 працэнтаў, а з краінамі БРІКС мы выходзім на паказчык 65 працэнтаў", - прывёў даныя ён.

"Работа па стварэнні новых плацежных платформ, як я сказаў, была пачата ў БРІКС пры расійскім старшынстве і будзе прадоўжана нашымі бразільскімі зменшчыкамі да 2025. Некаторыя эксперты прагназуюць не толькі ўмацаванне ролі нацыянальных і рэгіянальных валют у міжнародным гандлі, але і фарміраванне некалькіх макрарэгіёнаў са сваімі стандартамі, нормамі рэгулявання і ланцужкамі дабаўленай вартасці ва ўмовах, калі ў выніку эгаістычных дзеянняў Злучаных Штатаў некалі глабальная сістэма хутка фрагментуецца", - адзначыў ён.

Акрамя таго, Лаўроў сказаў аб падрыхтоўцы англасаксаў да вялікай "авантуры" супраць Расіі. "Як запасны варыянт, на выпадак, калі рэжым Зяленскага не справіцца, яны рыхтуюць кантынентальную Еўропу да таго, каб яна кінулася ў самазабойчую авантуру і ўступіла ў адкрыты ўзброены канфлікт з Расіяй", - падкрэсліў расійскі міністр. Ён таксама выказаў шкадаванне, што цяперашнія кіруючыя эліты многіх еўрапейскіх краін відавочна не бачаць для сябе будучыні ў шматпалярным свеце і шукаюць для сябе ратавання "ў заакіянскага гегемона".

"Захаду, перш за ўсё англасаксам, заўсёды мала. Недастаткова і той вайны, якую яны развязалі супраць Расіі ў Еўропе. У ліпені на саміце ў Вашынгтоне лідары краін НАТА зацвердзілі прэтэнзіі на галоўную ролю альянсу не толькі ў Еўраатлантыцы, але і ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Калі пачытаць натаўскую дэкларацыю, то атрымліваецца, што для абароны тэрыторыі сваіх членаў гэты "абарончы" альянс мае намер весці гэтыя вось "абарончыя" баі і ў Паўднёва-Кітайскім моры, і ў Тайваньскім праліве, за тысячу міль ад сваіх берагоў", - адзначыў Лаўроў.

"Аднак амерыканцы мэтанакіравана ўкараняюць натаўскую ваенную інфраструктуру ў акваторыі Ціхага акіяна, не скрываючы задачу ўзмацніць націск на Кітай, КНДР, Расію, - дадаў ён. - Адначасова падрываецца асеанацэнтрычная архітэктура рэгіянальнай бяспекі і супрацоўніцтва ў Паўднёва-Усходняй Азіі, якая дзесяцігоддзямі выбудоўвалася на аснове раўнапраўя, уліку ўзаемных інтарэсаў і кансэнсусу". Кіраўнік МЗС РФ звярнуў увагу на працэсы, у час якіх на замену створаных вакол АСЕАН адкрытых механізмаў ЗША і іх саюзнікі засноўваюць "так званыя альянсы малой геаметрыі, такія як AUKUS, QUAD, розныя чацвёркі і тройкі з уключэннем Японіі, Рэспублікі Карэя, Аўстраліі і Новай Зеландыі".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі