Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
15 кастрычніка 2021, 10:59

Краіны ЕС хочуць распрацаваць план на выпадак гандлёвай вайны з Вялікабрытаніяй

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вядучыя краіны Еўрасаюза запатрабавалі ад Бруселя распрацоўкі плана дзеянняў на выпадак гандлёвай вайны з Вялікабрытаніяй. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на газету Financial Times.

Прыняцце жорсткіх мер адносна Лондана абмяркоўвалася на сустрэчы прадстаўнікоў Францыі, Германіі, Нідэрландаў, Італіі і Іспаніі з намеснікам кіраўніка Еўракамісіі (ЕК) Марашам Шэфчавічам. Краіны супольнасці хочуць, каб ЕК была гатова да крокаў у адказ, калі Злучанае Каралеўства прыпыніць дзеянне гандлёвага пагаднення адносна Паўночнай Ірландыі. У ліку магчымых крокаў у сталіцах ЕС разглядаюць абмежаванне доступу Вялікабрытаніі да энергапаставак супольнасці, увядзенне тарыфаў на брытанскі экспарт або ў крайнім выпадку спыненне дзеяння двухбаковага гандлёвага пагаднення.

Краіны - члены ЕС, паводле слоў аднаго з дыпламатаў, дабіваюцца ад ЕК распрацоўкі юрыдычна абгрунтаваных, адпаведных і рашучых мер у адказ. "У ЕС ёсць шырокі спектр магчымасцей для ўдару ў адказ па Брытаніі, напрыклад, пастаўкі энергарэсурсаў", - адзначыў ён. Каля 10 працэнтаў электраэнергіі і 12 працэнтаў прыроднага газу, што спажываюцца ў Вялікабрытаніі, пастаўляюцца па кабелях і трубаправодах з ЕС.

Раней ЕК апублікавала прапановы аб змяненнях паўночнаірландскага пратакола, якія прызначаны спрасціць мытны і фітасанітарны кантроль прадукцыі ў партах Паўночнай Ірландыі, каб пазбегнуць дэфіцыту тавараў на прылаўках у яе магазінах і росту сацыяльнай напружанасці. У сваю чаргу Злучанае Каралеўства заявіла аб неабходнасці стварэння спецыяльнага арбітражнага органа, які будзе сачыць за выкананнем дагавора. Вялікабрытанія выступае супраць таго, што цяпер у рамках спрэчак аб выкананні правіл адзінага рынку ЕС у Паўночнай Ірландыі апошняе слова належыць Еўрапейскаму суду.

Гэтыя тэмы будуць абмяркоўвацца 15 кастрычніка на сустрэчы прадстаўніка прэм'ер-міністра Злучанага Каралеўства па Brexit і міжнароднай палітыцы Дэвіда Фроста з Шэфчавічам у Бруселі.

У адпаведнасці з гандлёвым пагадненнем, заключаным у снежні 2020 года паміж ЕС і Вялікабрытаніяй, Паўночная Ірландыя, якая пакінула Еўрасаюз у складзе каралеўства, засталася членам мытнага саюза супольнасці. Гэты двайны статус дазволіў пазбегнуць з'яўлення граніцы паміж Ольстэрам і Ірландыяй, аднак запатрабаваў увесці кантрольныя працэдуры ў паўночнаірландскіх партах для транспарціроўкі шэрага тавараў з іншых частак Злучанага Каралеўства. З-за шматлікіх бюракратычных складанасцей пастаўкі брытанскай прадукцыі ў Паўночную Ірландыю былі істотна ўскладнены, што выклікала незадавальненне мясцовага насельніцтва.

У ЕС настойваюць на захаванні фактычнай мытнай граніцы паміж Паўночнай Ірландыяй і Вялікабрытаніяй у Ірландскім моры, каб пазбегнуць некантралюемага ўвозу брытанскай прадукцыі з Ольстэра ў Ірландыі, якая з'яўляцца краінай Еўрасаюза. Пратакол гарантуе, што граніца на самім востраве Ірландыя павінна заставацца празрыстай і свабоднай ад праверак дзеля захавання Белфасцкага пагаднення 1997 года, якое паклала канец узброенаму процістаянню паміж пратэстантамі-лаялістамі і католікамі-нацыяналістамі ў Ольстэры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі