
20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краіны Еўразійскага эканамічнага саюза павінны эфектыўна каардынаваць намаганні па барацьбе з каранавірусам, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на нарадзе аб рэалізацыі інтэграцыйных праектаў на прасторы ЕАЭС, паведамляе ТАСС.
З 1 студзеня рэгістрацыя ўсіх лекавых сродкаў у краінах ЕАЭС ажыццяўляецца па адзіных правілах і працэдурах. "Гэта вельмі важна цяпер, мы ўсе гэта цудоўна разумеем, калі нашы краіны сутыкаюцца з агульным выклікам - эпідэміяй каранавіруса. Нам трэба эфектыўна каардынаваць намаганні для абароны жыцця і здароўя нашых грамадзян", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
У якасці прыкладу паспяховага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі саюза ў выпрацоўцы агульных падыходаў Пуцін назваў стварэнне агульнага рынку ў сферы вытворчасці і абароту лякарстваў і медыцынскіх вырабаў.
Рэалізацыю інтэграцыйных працэсаў у ЕАЭС прэзідэнт Расіі назваў стратэгічна важнай тэмай. Паводле яго слоў, за шэсць гадоў існавання аб'яднання, нягледзячы на няпростую знешнюю кан'юнктуру, удалося зрабіць шмат. Пуцін прывёў даныя, згодна з якімі ў 2019 годзе ўзаемны тавараабарот дзяржаў саюза вырас у параўнанні з 2015 года на 35 працэнтаў і склаў $61,6 млрд. Павялічылася і доля краін ЕАЭС у знешнім гандлі РФ - з 7,8 працэнта ў 2015 годзе да 8,6 працэнта ў 2020-м.
"Устойлівымі тэмпамі развіваецца і знешні гандаль краін-членаў у цэлым. Яго прырост склаў 27 працэнтаў. Такая пазітыўная дынаміка дасягнута ў значнай меры дзякуючы сумесным намаганням, накіраваным на зняцце бар'ераў на шляху руху тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы паміж краінамі саюза", - дадаў Пуцін.
Ён таксама звярнуў увагу, што ў большасці сектараў эканомікі агульныя рынкі ўжо створаны і паспяхова працуюць, па астатніх жа вырашэнне практычных пытанняў і пошук аптымальных мадэлей прадаўжаюцца. Паслядоўна фарміруецца і адзіны рынак паслуг ЕАЭС, які ўжо ўключае 53 сектары, а ў 2021 годзе ахопіць яшчэ пяць напрамкаў.-0-