Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
15 лістапада 2021, 15:10

КПБ: дзеянні ЗША і іх сатэлітаў накіраваны супраць дзяржаў з высокімі стандартамі сацзабеспячэння

15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Камуністычная партыя Беларусі выказвае сваю салідарную падтрымку Рэспубліцы Куба і дружалюбнаму кубінскаму народу ў барацьбе з адкрытай агрэсіяй з боку амерыканскага імперыялізму, аб гэтым гаворыцца ў заяве Цэнтральнага камітэта і Савета Камуністычнай партыі Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

"Сёння, карыстаючыся няпростай эканамічнай сітуацыяй, выкліканай не толькі татальнай блакадай вострава, але і звязанай з пандэміяй COVID-19, калектыўны Захад, выкарыстоўваючы сваіх памагатых унутры кубінскай суверэннай дзяржавы, заклікае да правядзення так званага "мірнага маршу за перамены", які прапануецца правесці 15 лістапада ў розных гарадах Вострава свабоды. Галоўным інструментам каардынацыі гэтай антыдзяржаўнай акцыі з'яўляюцца сацыяльныя сеткі, а куратарамі выступаюць даволі вядомыя амерыканскія агенцтвы NED і USAID. Не без іх удзелу аналагічныя дзеянні па дэстабілізацыі сітуацыі не раз праводзіліся ў 2020 годзе ў Беларусі", - гаворыцца ў заяве.

У КПБ упэўнены, што адзінай мэтай так званага "мірнага маршу за перамены" з'яўляецца дэмантаж інснуючай сацыяльна-палітычнай сістэмы Кубы. Пры гэтым прапанаваная дата правядзення акцыі не з'яўляецца выпадковай. Менавіта 15 лістапада Востраў свабоды адчыняе ўсе свае дзверы для турыстаў.

Беларускія камуністы адзначаюць, што на працягу больш як паўтара года пандэміі афіцыйны Вашынгтон і яго саюзнікі спрабуюць стварыць сур'ёзны дэфіцыт тавараў і эканамічныя цяжкасці ў краіне шляхам увядзення ўсемагчымых санкцый у дапаўненне да ўжо існуючай больш як 60 гадоў палітычнай, эканамічнай, фінансавай і гандлёвай блакады. Такім чынам, міжнародны капітал жадае дэстабілізаваць сітуацыю на Кубе.

Нягледзячы на ўсе інспіраваныя звонку цяжкасці, ужо больш за 90 працэнтаў кубінцаў вакцынаваны з выкарыстаннем уласных вакцын, якія паказалі сваю эфектыўнасць у параўнанні з прэпаратамі, што існуюць у краінах калектыўнага Захаду. Рэспубліка Куба дасягнула вельмі значных станоўчых вынікаў як у галіне лячэння пацыентаў, так і ў галіне прафілактыкі і імунізацыі насельніцтва, нягледзячы на ўмовы эканамічнага ўдушэння і забароны на набыццё шэрага медыцынскага абсталявання і іншых тавараў.

Вынікам дзеянняў палітычнага кіраўніцтва краіны і Камуністычнай партыі Кубы стала магчымасць вяртання грамадства да нармальнага жыцця. На Востраве свабоды свае дзверы зноў адчыняюць дзіцячыя сады і школы, універсітэты, фабрыкі і заводы, турыстычная інфраструктура. Краіна гатова пачаць аднаўленне сваёй эканомікі, а значыць забяспечыць рост дабрабыту насельніцтва.

"Менавіта таму гордая і свабодалюбівая краіна, якая паказала эфектыўнасць сацыялістычнага шляху развіцця, выклікае злосную нянавісць міжнароднага капіталу. Аналіз падзей, якія адбываюцца ў свеце, паказвае, што сёння дзеянні ЗША і іх сатэлітаў накіраваны супраць тых дзяржаў, якія будуюць сваю палітыку на высокіх стандартах сацыяльнага забеспячэння насельніцтва. Цэнтральны Камітэт і Савет Камуністычнай партыі Беларусі рашуча асуджае чарговую спробу ўмяшання калектыўнага Захаду ва ўнутраныя справы Кубы. Не - эканамічнай і палітычнай вайне, развязанай ЗША супраць Вострава свабоды з мэтай задушыць Кубінскую рэвалюцыю. Мы рашуча супраць брудных і варварскіх метадаў гібрыднай агрэсіі, што выкарыстоўваюцца супраць суверэннай кубінскай дзяржавы. Рукі прэч ад Рэспублікі Куба!" - адзначаецца ў заяве Цэнтральнага камітэта і Савета КПБ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі