Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
22 студзеня 2019, 12:48

Колькасць турыстычных паездак у свеце дасягнула рэкорднай адзнакі

22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць міжнародных паездак турыстаў у 2018 годзе ўзрасла на 6 працэнтаў і дасягнула рэкорднай адзнакі, склаўшы 1,4 млрд. Такую статыстыку прыводзіць Сусветная турысцкая арганізацыя ААН (UNWTO).

У 2010 годзе UNWTO апублікавала доўгатэрміновы прагноз, згодна з якім адзнака 1,4 млрд турыстычных паездак будзе дасягнута да 2020 года. Дасягненне гэтай адзнакі раней за прагноз тлумачыцца ў дакладзе UNWTO значным эканамічным ростам, спрашчэннем візавага рэжыму і больш даступнымі паветранымі перавозкамі.

Колькасць замежных турыстаў у Еўропе ў мінулым годзе дасягнула 713 млн, што на 6 працэнтаў больш у параўнанні з 2017 годам. Толькі ў паўночнай частцы Еўропы ў 2018 годзе не назіралася росту турпатоку - з-за няпэўнай сітуацыі з Brexit. Таксама ў мінулым годзе значна ўзрасла колькасць паездак замежных турыстаў у Афрыку (+7%) і краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна (+6%). Краіны Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі ў мінулым годзе наведалі 217 млн турыстаў, што на 3 працэнты больш, чым у 2017 годзе. Значны рост турпатоку зафіксаваны ў 2018 годзе на Блізкім Усходзе (+10% у параўнанні з 2017 годам).

Чакаецца, што ў 2019 годзе з-за стабільных цэн на паліва і даступнасці авіяперавозак турыстычны паток у свеце вырасце яшчэ на 3-4 працэнты. Росту турыстычнага патоку будзе садзейнічаць і паляпшэнне паветраных зносін па многіх напрамках. Паводле прагнозаў UNWTO, у гэтым годзе захаваецца тэндэнцыя росту колькасці паездак турыстаў з краін, што сталі на шлях развіцця, - у першую чаргу, з Індыі і Расіі, а таксама з дзяржаў Азіі і арабскіх краін. Чакаецца рост папулярнасці турызму з мэтай аздараўлення - напрыклад, пешага і спартыўнага. Разам з тым нявызначанасць у адносінах да Brexit, замаруджанне эканамічнага росту, а таксама геапалітычная і гандлёвая напружанасць могуць запаволіць рост міжнароднага турыстычнага патоку ў 2019 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі