Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
03 верасня 2021, 15:27

Колькасць пластыку ў акіяне можа патроіцца да 2040 года

3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць пластыку ў акіяне можа патроіцца да 2040 года, калі не прыняць кардынальных мер. Аб гэтым заявіла выканаўчы дырэктар праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) Інгрыд Андэрсэн на міністэрскай канферэнцыі, прысвечанай праблемам марскога смецця і пластыкавых адходаў, паведамляецца на сайце цэнтра навін ААН.

"Чарапахі, якія заблыталіся ў разадраных пластыкавых пакетах. Мёртвыя кіты са страўнікамі, поўнымі адходаў. Мільярды пластыкавых гранул, якія хвалі выносяць на нашы пляжы - як нядаўна ў Шры-Ланцы. Мы самі бачым, што мы нарабілі", - сказала Інгрыд Андэрсэн.

Пры гэтым кіраўнік ЮНЕП сцвярджае, што ўрон ад выкарыстання пластыку больш значны: размова ідзе аб "трайным крызісе планетарнага маштабу". Гэта змяненне клімату, страта біяразнастайнасці і забруджванне.

Паводле слоў Інгрыд Андэрсэн, каб вырашыць праблему марскога смецця, трэба поўнасцю перагледзець увесь працэс: ад вытворчасці пластыку да яго выкарыстання і ўтылізацыі. У першую чаргу неабходна скараціць вытворчасць пластмасы, асабліва той, што прызначана для прадметаў аднаразовага выкарыстання. Таксама трэба перайсці на замкнуты цыкл вытворчасці пластыку, каб пасля заканчэння спажывання прадукцыі яе можна было перапрацаваць. Такі шматабаротны падыход мог бы скараціць колькасць пластыку, які трапляе ў моры і акіяны, на 80 працэнтаў, а таксама на 25 працэнтаў знізіць выкіды парніковых газаў.

Важную ролю ў скарачэнні пластыкавага забруджвання і паляпшэнні здароўя людзей адыграла б мадэрнізацыя муніцыпальных інфраструктур па зборы і перапрацоўцы цвёрдых адходаў. Інгрыд Андэрсэн падкрэсліла, што 1,3 млрд т цвёрдых адходаў вырабляюць штогод гарадскія жыхары. Пры гэтым у многіх гарадах няма належнай інфраструктуры, якая дае магчымасць правільна абыходзіцца з адходамі і перапрацоўваць іх.

Але ключавым момантам у вырашэнні праблемы пластыку Інгрыд Андэрсэн бачыць актывізацыю дзеянняў на нацыянальным узроўні. Размова ідзе аб заканадаўстве ў галіне адходаў, вытворчасці, дзяржзакупак і інфармаванні спажыўцоў. Паводле слоў кіраўніка ЮНЕП, задача скарачэння пластыку павінна чырвонай ніткай пранізваць усе галіны эканомікі.

"Калі мы вырашым праблему пластыку, нам не толькі ўдасца ачысціць моры. Мы дапаможам пераадолець той самы трайны планетарны крызіс. Мы абаронім нашы паветра, зямлю і водныя рэсурсы. Мы абаронім уласнае здароўе і здароўе ўсёй планеты", - сказала яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі