Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
22 мая 2020, 11:02

Колькасць ахвяр цыклону "Амфан" перасягнула 100 чалавек

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ахвярамі цыклону "Амфан", які абрушыўся на Індыю і Бангладэш, сталі па меншай меры 103 чалавекі. Аб гэтым паведамляе малайзійская газета New Straits Times.

На ўсходзе Індыі і ў Бангладэш 22 мая пачаліся аднаўленчыя работы пасля самага моцнага цыклону за больш як 20 гадоў. "Амфан" пакінуў пасля сябе паласу разбурэнняў працягласцю сотні кіламетраў. Асноўны ўдар стыхіі прыпаў на штат Заходняя Бенгалія, колькасць загінулых тут дасягнула 80 чалавек, паведамляе індыйская газета Hindustan Times. Ураганны вецер знёс тысячы будынкаў. Затоплены аэрапорт Калькуты. Дзясяткі тысяч дамоў засталіся без даху, больш за 1 млн дамашніх гаспадарак засталіся без электразабеспячэння. Паводле слоў мясцовых улад, уздзеянне "Амфана" стала для штата Заходняя Бенгалія больш разбуральным, чым пандэмія каранавіруса. Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі адправіўся 22 мая ў штаты, каб ацаніць бягучую сітуацыю.

У Бангладэш таксама паведамляюць аб сотнях пашкоджаных будынкаў, тут знішчаны тысячы ферм па вырошчванні крабаў і крэветак, электрычнасці пазбаўлены больш як 10 млн чалавек, паведамляе нямецкая тэлерадыёкампанія Deutsche Welle. У спісах загінулых, паводле афіцыйных даных, 23 чалавекі.

Скорасць ураганнага ветру дасягала 200 км/гадз. Метэаралагічнае ўпраўленне Індыі класіфікавала "Амфан" як суперцыкланічны шторм (найвышэйшая класіфікацыя шторму). У Індыі былі эвакуіраваны амаль 650 тыс. чалавек, у Бангладэш - 2,4 млн.

"Амфан" стаў самым разбуральным ураганам у Бенгальскім заліве пасля цыклону 1999 года, які забраў амаль 10 тыс. жыццяў. Сітуацыя ўскладняецца тым, што "Амфан" абрушыўся на рэгіён у разгар пандэміі каранавіруса, гэта стварае рызыку новых ачагоў заражэння ў адной з самых густанаселеных частак Азіі. Размяшчэнне з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі соцень тысяч людзей, якія пацярпелі ад урагану, становіцца вялікай праблемай. Тым часам колькасць інфіцыраваных COVID-19 у Індыі перасягнула 118 тыс. чалавек, прычым 22 мая зафіксаваны самы высокі прырост новых выпадкаў - 6 тыс. А ў Бангладэш пацверджана 28,5 тыс. выпадкаў каранавіруса новага тыпу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі