
29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветны турызм можа вярнуцца да паказчыкаў, што папярэднічалі пандэміі каранавіруса, не раней за 2023 год. Такое меркаванне ў інтэрв'ю карэспандэнту ТАСС выказаў генеральны сакратар Сусветнай турысцкай арганізацыі ААН (СТААН) Зураб Палалікашвілі.
"Амаль палова экспертаў (45 працэнтаў) лічыць, што міжнародны турызм вернецца да ўзроўню 2019 года ў 2024 годзе або пазней, у той час як 43 працэнты ўаказваюць на аднаўленне ў 2023 годзе, - заявіў Зураб Палалікашвілі. - Раўнамернае размеркаванне вакцын і эфектыўнае супрацоўніцтва па пратаколах аб паездках і ахове здароўя будуць мець ключавое значэнне для каардынацыі ўзгодненых дзеянняў, у якіх мае патрэбу сфера турызму".
Паводле слоў Зураба Палалікашвілі, колькасць турыстаў, якія падарожнічаюць у іншыя краіны, па выніках 2021 года, як чакаецца, будзе на 70-75 працэнтаў ніжэйшай за паказчык, які папярэднічаў пандэміі новага каранавіруса. Гэта ўплывае на эканамічныя паказчыкі.
"Уклад турызму ў сусветную эканоміку ў 2019 годзе дасягнуў $3,5 трлн, або 4 працэнты сусветнага ВУП, які вымяраецца як прамы валавы ўнутраны прадукт ад турызму, - адзначыў Зураб Палалікашвілі. - Пандэмія COVID-19 скараціла прамы ВУП ад турызму больш як напалову ў 2020 годзе - на $2 трлн, да 1,8 працэнта сусветнага ВУП".
Генеральны сакратар СТААН удакладніў, што міжнародны турызм страціў 1 млрд падарожнікаў ва ўсім свеце, знізіўшыся да ўзроўню 30-гадовай даўнасці.-0-