Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
24 сакавіка 2020, 14:28

Кіраўнік ААН заклікаў спыніць войны і змагацца з агульным ворагам - COVID-19

24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш 23 сакавіка заклікаў бакі ўсіх канфліктаў на планеце спыніць ваенныя дзеянні і даць магчымасць людзям справіцца з пандэміяй каранавіруса. Аб гэтым паведамляе Цэнтр навін ААН.

"Мы сутыкнуліся з агульным ворагам, які не ведае літасці і не распазнае рас, нацыянальнасцей або веравызнанняў", - нагадаў кіраўнік ААН у спецыяльным звароце. Пры гэтым, дадаў ён, па ўсім свеце бушуюць ваенныя канфлікты, ад якіх больш за ўсё церпяць самыя безабаронныя: жанчыны, дзеці, інваліды, бежанцы. Яны ж у першую чаргу становяцца ахвярамі пандэміі COVID-19.

"Давайце не будзем забываць, што ў разораных войнамі краінах сістэмы медыка-санітарнага абслугоўвання знаходзяцца ў стане калапсу, - нагадаў Антоніу Гутэрыш. - На медыцынскіх работнікаў, якіх і без таго мала, часта ўчыняюцца нападзенні. Удвая безабаронныя бежанцы і іншыя людзі, вымушаныя кідаць свае дамы з-за кровапралітных канфліктаў.

Паводле слоў кіраўніка ААН, на фоне імкліва растучай пандэміі яшчэ больш відавочна абсурднасць вайны. "Вось чаму сёння я заклікаю да неадкладнага ўсеагульнага спынення агню ва ўсіх кутках свету, - заявіў Антоніу Гутэрыш. - Настаў час аб'явіць каранцін узброеным канфліктам і кінуць усе сілы на барацьбу, ад выніку якой залежыць наша жыццё".

Ён заклікаў варагуючыя бакі спыніць ваенныя дзеянні і "прымусіць гарматы замаўчаць". Гэта дасць магчымасць стварыць калідоры для дастаўкі жыццёва неабходнай дапамогі і даць надзею тым, хто асабліва безабаронны перад каранавіруснай інфекцыяй COVID-19.

Генеральны сакратар адзначыў, што цяпер ужо некаторыя з варагуючых бакоў вядуць дыялог, каб знайсці сумесныя спосабы барацьбы з каранавірусам. Аднак гэтага мала, перакананы Антоніу Гутэрыш: "Трэба спыніць эпідэмію вайны і змагацца з хваробай, якая сёння ахапіла наш свет. І пачаць трэба са спынення баявых дзеянняў ва ўсім свеце. Якраз цяпер".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі