
15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У час пасяджэння Каардынацыйнай платформы па ўкраінскім экспарце Кіеў абвінаваціў Варшаву ў наўмысным стварэнні перашкод транзіту збожжа. Аб гэтым паведаміў высокапастаўлены дыпламат Еўрасаюза рыдыёстанцыі RMF24.
"Сітуацыя была вельмі напружанай з украінскага боку, што было вельмі эмацыянальна", - паведаміў ён.
Паводле інфармацыі радыёстанцыі, украінскі бок на сустрэчы абвінаваціў Польшчу ў наўмысным правядзенні ветэрынарных праверак, з-за якіх павялічыўся тэрмін чакання на пагранічных пераходах да 12 дзён. Польшча, у сваю чаргу, прадставіла даныя, якія паказваюць, што ўкраінскі экспарт значна павялічыўся ў час забароны. Напрыклад, экспарт рапсавага алею вырас у шэсць разоў.
Прэс-сакратар ЕС Мірыям Гарсія Ферэр паведаміла, што рашэнне адносна забароны імпарту з Украіны пакуль не прынята. Чакаецца, што канчатковае рашэнне па забароне, тэрмін дзеяння якой заканчваецца 15 верасня, прыме кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
Аднак высокапастаўлены дыпламат падкрэслівае, што "пытанне мае эканамічнае і палітычнае вымярэнне". Вядома, што ў жніўні кіраўнік ЕК паабяцаў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, што не будзе прадаўжаць забарону.
У красавіку гэтага года пяць еўрапейскіх дзяржаў - Балгарыя, Венгрыя, Польшча, Румынія і Славакія - увялі эмбарга на ўкраінскае збожжа і іншыя віды сельгаспрадукцыі. Забарона спачатку дзейнічала да 5 чэрвеня, а пасля была прадоўжана да 15 верасня.
Раней прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што ўлады краіны не дапусцяць "затаплення ўкраінскім збожжам" і не адкрыюць свае граніцы незалежна ад таго, якое рашэнне прымуць у Бруселі. Украінскі бок прыгразіў зваротам у Сусветную гандлёвую арганізацыю, калі ўрад Польшчы ўвядзе аднабаковую забарону на ўвоз украінскага збожжа.-0-