Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
28 ліпеня 2021, 09:25

Каранцін у Сіднеі з-за росту колькасці заражаных COVID-19 прадоўжаць да 28 жніўня

28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каранцін у буйнейшым горадзе Аўстраліі Сіднеі будзе прадоўжаны да 28 жніўня. Як паведамляе ТАСС са спасылкай на прэм'ер-міністра штата Новы Паўднёвы Уэльс Глэдзіс Берэджыклян, за мінулыя суткі ў мегаполісе выявілі 177 выпадкаў інфіцыравання, што стала самым высокім паказчыкам з пачатку эпідэміі ў краіне.

Паводле слоў прэм'ера, Сідней і прыгарады "будуць закрыты на каранцін яшчэ на чатыры тыдні, якія завершацца 28 жніўня". "Даныя апошніх дзён сведчаць, што нам не ўдаецца стрымаць распаўсюджванне віруса. Аднак сітуацыя хутка змяняецца, калі ў бліжэйшыя тыдні ў некаторых раёнах усё будзе складацца паспяхова, мы зможам адмяніць частку абмежаванняў", - сказала яна ў час анлайн-брыфінгу для журналістаў.

Глэдзіс Берэджыклян удакладніла, што дзеючыя на працягу апошніх пяці тыдняў абмежаванні застануцца ў сіле. Выключэнне будзе зроблена толькі для вучняў выпускных класаў школ, якім дазваляецца пачаць вучобу ў вочным фармаце 16 жніўня. Тым з іх, хто пражывае ў раёнах з вялікай колькасцю інфіцыраваных, прадпісваецца зрабіць прышчэпку. Астатнія вучні агульнаадукацыйных школ і студэнты вышэйшых навучальных устаноў, каледжаў і тэхнікумаў прадоўжаць навучанне дыстанцыйна.

Як паведаміла галоўны санітарны ўрач штата Кэры Чанту, агульная колькасць захварэўшых на COVID-19 у мегаполісе вырасла за апошнія пяць тыдняў з 0 да 2352. Пад наглядам урачоў застаюцца 156 інфіцыраваных, 56 пацыентаў змешчаны ў палаты інтэнсіўнай тэрапіі, 22 з іх маюць патрэбу ў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Агульная колькасць смяротных зыходаў за час другой хвалі эпідэміі ў штаце дасягнула 11.

Другая хваля эпідэміі ў Сіднеі пачалася ў сярэдзіне чэрвеня 2021 года, калі заразіўся адзін з супрацоўнікаў міжнароднага аэрапорта імя Кінгсфарда Сміта. Улады штата ўвялі жорсткі каранцін, аднак стабілізаваць эпідэмічную сітуацыю ў горадзе не ўдаецца.

Усе арганізацыі і ўстановы Сіднея пераведзены на дыстанцыйны рэжым работы, прадпрыемствы грамадскага харчавання, за выключэннем тых, што прадаюць ежу навынас або з дастаўкай, закрыты. Не працуюць спартыўныя клубы, басейны, трэнажорныя залы і цэнтры адпачынку, усе грамадскія мерапрыемствы адменены. Грамадзянам прадпісана не выходзіць на вуліцу без важкіх прычын і не аддаляцца ад дома больш як на 10 км. Выкарыстанне ахоўных масак абавязкова ва ўсіх грамадскіх месцах, у тым ліку ў пад'ездах, вестыбюлях і калідорах шматкватэрных дамоў.

З пачатку эпідэміі ў Аўстраліі зарэгістравана 33 268 выпадкаў заражэння каранавірусам. Напружанай застаецца сітуацыя толькі ў Новым Паўднёвым Уэльсе, у іншых штатах фіксуюць нулявы прырост колькасці інфіцыраваных або адзінкавыя выпадкі. У краіне ад ускладненняў, выкліканых вірусам, памёр 921 чалавек, выздаравелі каля 29,9 тыс. Амаль 11,4 млн аўстралійцаў (35 працэнтаў насельніцтва) атрымалі як мінімум адну дозу вакцыны ад каранавіруса, дзве ін'екцыі зрабілі 3,4 млн чалавек (13,4 працэнта).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі