Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
22 кастрычніка 2019, 15:52

ЮНЕСКА заснавала міжнародную прэмію імя Мендзялеева

22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выканаўчы савет ЮНЕСКА прыняў рашэнне аб заснаванні міжнароднай прэміі імя Д.І.Мендзялеева за дасягненні ў галіне фундаментальных навук. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу аргкамітэта Міжнароднага года Перыядычнай табліцы хімічных элементаў.

Рашэнне прынята 21 кастрычніка ў Парыжы на 207-й сесіі Выканаўчага савета ЮНЕСКА. Памер прэміі складзе $500 тыс., яна будзе ўручацца штогод двум лаўрэатам у памеры $250 тыс. кожнаму. Прэмія будзе прысуджацца за прарыўныя адкрыцці, выдатныя інавацыі і актыўнае садзейнічанне развіццю фундаментальных навук, якія выкарыстоўваюцца або могуць быць выкарыстаны ў будучым як стымулюючы фактар сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў і развіцця грамадства.

Прэмія імя Мендзялеева стане адзінай і самай буйной прэміяй у галіне фундаментальных навук у інтарэсах устойлівага развіцця пад эгідай ЮНЕСКА. Першае ўручэнне адбудзецца ўжо ў 2020 годзе. Плануецца, што ў склад журы будуць уваходзіць выдатныя прадстаўнікі сусветнай навукі.

Цяпер пад эгідай ЮНЕСКА заснаваны 23 прэміі, у тым ліку 12 у сферы навукі: пяць па прыродазнаўчых навуках і сем па сацыяльных і гуманітарных навуках. Бакі, якія выступаюць донарамі прэмій ЮНЕСКА, цалкам фінансуюць прэмію на працягу ўсяго перыяду яе існавання (6 гадоў). Уручэнне прэмій ЮНЕСКА звычайна праходзіць у рамках цырымоніі, якая арганізуецца ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы.

Як паведамлялася раней, 2019 год аб'яўлены Генеральнай асамблеяй ААН Міжнародным годам Перыядычнай табліцы хімічных элементаў. Гэта маштабная падзея прысвечана 150-годдзю адкрыцця Перыядычнага закона хімічных элементаў вялікім вучоным Д.І.Мендзялеевым.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі