ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Пятніца, 23 кастрычніка 2020
Мінск Пераменная воблачнасць +11°C
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
15 кастрычніка 2020, 17:34

Як краіны Еўропы ўзмацняюць абмежаванні з-за другой хвалі COVID-19

Фота  aa.com.tr
Фота aa.com.tr

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскія краіны ўзмацняюць абмежаванні з-за каранавіруса: у многіх дзяржавах захваральнасць перасягнула ўжо вясеннія паказчыкі і рэгулярна абнаўляе максімумы. Толькі за мінулы тыдзень у Еўропе, паводле даных СААЗ, зарэгістравалі амаль 700 тыс. новых выпадкаў заражэння - больш, чым раней. Аднак практычна нідзе не ідзе размовы аб вяртанні агульнанацыянальнага каранціну: улады і эксперты адкрыта гавораць, што эканоміка яго не перажыве. ТАСС сабраў галоўныя прыклады таго, як Еўропа спрабуе спыніць другую хвалю без поўнага лакдаўну.

Дзе самыя строгія абмежаванні

У Францыі з 17 кастрычніка мінімум на чатыры тыдні ўведзена каменданцкая гадзіна ў Парыжы, Лілі, Марселі, Грэноблі, Ліёне, Руане, Сент-Эцьене, Тулузе і Манпелье. Выхад на вуліцу з 21.00 да 6.00 дазволены толькі па спецпропусках. Поўнасцю спынена работа французскіх устаноў грамадскага харчавання, тэатраў, канцэртных пляцовак. Грамадскі транспарт пры гэтым прадоўжыць працаваць. За парушэнне санітарнага рэжыму французам пагражае штраф 135 еўра, за паўторнае парушэнне - 1,5 тыс. еўра. Акрамя абмежавання перамяшчэнняў, прадугледжана нашэнне масак (у тым ліку на вуліцы) і патрабаванне сацыяльнай дыстанцыі.

Аналагічная французскай каменданцкая гадзіна, але з 1.00 да 6.00, уведзена ў бельгійскіх правінцыях Валонскі Брабант і Люксембург.

Як мяняецца рэжым работы ў Еўропе

У Каталоніі (Іспанія) на два тыдні будуць закрыты бары і рэстараны, абмяжуюць колькасць наведвальнікаў гандлёвых цэнтраў, студэнты ВНУ пяройдуць на дыстанцыйнае навучанне. У Мадрыдзе абмежавана перамяшчэнне грамадзян, у іншых рэгіёнах закрыты забаўляльныя ўстановы і спартзалы.

У Брэмене і Берліне (Германія) бары закрыты з 23.00 да 6.00, астатні час іх наведвальнікі абавязаны прадастаўляць персанальныя даныя. Па выніках нарады Федэральнага ўрада Германіі і рэгіёнаў, такія абмежаванні рэкамендаваны па ўсёй краіне.

У Італіі, згодна з урадавым дэкрэтам, на працягу месяца рэстараны і бары павінны закрывацца апоўначы, пры гэтым пасля 21.00 забаронена ўжываць напіткі не за столікам.

У Нідэрландах часова закрыты ўсе ўстановы грамадскага харчавання, а продаж алкаголю забаронены пасля 20.00.

У Славакіі з-за рэжыму надзвычайнага становішча ўстановам грамадскага харчавання дазволена абслугоўваць наведвальнікаў толькі на адкрытых верандах і закрывацца не пазней за 22:00. Магазіны з 9.00 да 11.00 будуць абслугоўваць толькі пакупнікоў старэйшых за 65 гадоў.

У Славеніі ў рэгіёнах, якія ўваходзяць у чырвоную зону, з 16 кастрычніка будзе забаронена работа любых устаноў грамадскага харчавання, а таксама фітнес-цэнтраў і закрытых спартыўных збудаванняў. У рэгіёнах з аранжавай зоны работа бараў і рэстаранаў будзе дазволена з 6.00 да 22.30, а кафэ пры гасцініцах будзе дазволена абслугоўваць гасцей атэляў і ў начны час.

Што патрабуюць ад грамадзян

У Германіі ўлады заклікалі грамадзян захоўваць сацыяльную дыстанцыю, насіць маскі і выкарыстоўваць на смартфонах дадатак для прасочвання ланцугоў заражэння.

У Італіі абавязкова насіць маскі, у тым ліку на адкрытым паветры. Штраф за адсутнасць маскі складае ад 400 да 1 тыс. еўра.

У Нідэрландах забаронены аматарскі спорт, калі немагчыма захоўваць дыстанцыю 1,5 м. Колькасць удзельнікаў публічных мерапрыемстваў абмежавана 30.

У Славакіі абавязкова насіць маскі ў памяшканнях і на адкрытым паветры, забаронены ўсе грамадскія мерапрыемствы, акрамя спартыўных спаборніцтваў, якія праходзяць без балельшчыкаў. Хрэсьбіны, пахаванне і вяселле дазволена праводзіць са строгім захаваннем сацыяльнай дыстанцыі - адзін чалавек на 15 кв.м у памяшканні. Парушальнікам абмежаванняў пагражаюць штрафы да 20 тыс. еўра.

Паводле апошніх даных Reuters, колькасць заражаных COVID-19 у Еўропе перасягнула 6,415 млн, з моманту ўспышкі памерлі 234 441 чалавек. Агульная колькасць заражаных у свеце перасягнула 38,5 млн, памерлі больш за 1,092 млн хворых.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі