Сцяг Нядзеля, 8 верасня 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
22 ліпеня 2024, 15:42

Ізраіль даў загад аб эвакуацыі людзей з гуманітарнай зоны на поўдні Газы

Фота Unsplash
Фота Unsplash
22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ізраільскія ваенныя загадалі грамадзянскаму насельніцтву часова эвакуіравацца з часткі абазначанай гуманітарнай зоны на поўдні Газы перад так званай сілавой аперацыяй. Аб гэтым паведамляе BBC.

Ваенныя сцвярджаюць, што з усходніх кварталаў горада Хан-Юніс назіраецца "значная тэрарыстычная актыўнасць і ракетныя абстрэлы". Таму яны заклікалі жыхароў накіравацца ў "скарэкціраваную" гуманітарную зону Аль-Мавасі.

Палесцінцы паведамілі, як перадае BBC, што за гэтай заявай адбыліся інтэнсіўныя ізраільскія авіяўдары і артылерыйскія ўдары па Хан-Юнісе і яго наваколлі. Міністэрства аховы здароўя Газы заявіла, што загінулі прынамсі 14 чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей і чатыры жанчыны. У ведамстве заклікалі жыхароў здаваць кроў у бальніцы Насера на захадзе Хан-Юніса, каб дапамагчы ў лячэнні вялікай колькасці пацярпелых, якія дастаўляюцца ў гэту ўстанову.

Большая частка другога па велічыні горада ў сектары Газа - Хан-Юніса - была разбурана ў ходзе ізраільскага наступлення ў пачатку 2024 года, але вялікая колькасць людзей вярнулася туды пасля таго, як у маі ізраільскія войскі пачалі аперацыю ў самым паўднёвым горадзе Рафах. У пачатку гэтага месяца дзясяткі тысяч людзей зноў былі перамешчаны пасля таго, як ізраільскія ваенныя аддалі новы загад аб эвакуацыі. Ім было загадана адправіцца ў гуманітарную зону, якая цягнецца ўздоўж узбярэжжа ад Аль-Мавасі да горада Дэйр-эль-Балаха, нягледзячы на папярэджанні ААН аб тым, што яна перапоўнена палаткамі і пазбаўлена элементарных паслуг.

За апошнія два тыдні Ізраіль нанёс некалькі смяротных удараў па гуманітарнай зоне, заявіўшы, што мэтай удараў былі дзеючыя там палесцінскія баевікі, нагадвае BBC. 13 ліпеня Міністэрства аховы здароўя Газы паведаміла, што ў выніку ізраільскага ўдару па Аль-Мавасі, мэтай якога быў кіраўнік ваеннага крыла ХАМАС, загінулі больш за 90 чалавек.

Генеральны камісар Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам і арганізацыі работ Філіп Лазарыні тым часам абвінаваціў ізраільскія сілы ў абстрэле канвою ААН, які накіроўваўся ў горад Газа. Адзін бронеаўтамабіль 21 ліпеня атрымаў не менш за пяць куль, знаходзячыся ў чаканні каля ізраільскага кантрольна-прапускнога пункта на поўдзень ад даліны ракі Вадзі-Газа, напісаў Лазарыні ў сацсетцы X. Ён дадаў, што транспартны сродак атрымаў значныя пашкоджанні і персаналу ААН давялося схавацца, аднак ахвяр няма. Лазарыні звярнуў увагу, што рух калоны быў узгоднены з ізраільскімі ўладамі, і запатрабаваў, каб "вінаватыя былі прыцягнуты да адказнасці". На атакаваных аўтамабілях былі значкі ААН. Ізраільскія ваенныя заявілі, што правяраюць паведамленне.

Ізраіль пачаў кампанію ў сектары Газа па знішчэнні ХАМАС у адказ на нападзенне на поўдзень Ізраіля 7 кастрычніка 2023 года, у час якога загінулі амаль 1200 чалавек, а 251 быў узяты ў заложнікі. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя Газы, з таго часу ў сектары Газа загінулі больш за 38 980 палесцінцаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі