ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Панядзелак, 6 ліпеня 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +21°C
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
25 мая 2020, 17:01

Іспанія з 1 ліпеня адмяняе каранцін для замежных турыстаў

Фота  CGTN
Фота CGTN

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Іспаніі 25 мая на міжведамаснай нарадзе па актывізацыі турызму ў летнія месяцы прыняў рашэнне адмяніць каранцін для іншаземцаў з 1 ліпеня, паведамляе газета El Economista.

Гэта рашэнне пацвердзіла міністр замежных спраў Іспаніі Аранча Гансалес Лая. У сваіх сацыяльных сетках яна павітала замежных турыстаў, падкрэсліўшы, што граніцы паступова будуць адкрывацца. Паводле яе слоў, турыстам будзе гарантавана бяспечнае знаходжанне на тэрыторыі каралеўства.

Раней міністр турызму Іспаніі Рэес Марота заявіла, што краіна плануе пачаць прымаць замежных грамадзян ужо ў ліпені. "Замежныя турысты могуць планаваць свой летні водпуск з улікам таго, каб прыехаць у Іспанію ў ліпені", - заявіла яна ў інтэрв'ю радыёстанцыі Onda Cero.

Іспанія - другая па наведвальнасці краіна ў свеце, сюды прыязджаюць у сярэднім амаль 80 млн чалавек у год, паведамляе Reuters. На турызм прыпадае больш за 12 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту краіны, на гэту сферу таксама прыпадае значная доля рабочых месцаў, таму летні сезон мае вырашальнае значэнне для змякчэння надыходзячай рэцэсіі. Работнікі індустрыі гасціннасці не раз выказвалі апасенні, што турыстычны сезон не адбудзецца, калі ў краіну не прыедзе дастатковая колькасць іншаземцаў.

Іспанія закрыла граніцы для замежных грамадзян у сакавіку, каб справіцца з пандэміяй COVID-19. Як паведамлялася, з 15 мая ўсе прыбываючыя ў краіну з-за мяжы павінны знаходзіцца на каранціне на працягу 14 дзён.

З 25 мая Іспанія перайшла да новага этапу аслаблення абмежавальных мер. Жыхарам краіны дазволілі сустракацца з сябрамі і роднымі, якія пражываюць у адной правінцыі. У шэрагу рэгіёнаў адкрыліся пляжы і басейны, адноўлена дзейнасць гандлёвых цэнтраў, тэатраў, кінатэатраў, спартзалаў з абмежаваннямі на адначасовае знаходжанне наведвальнікаў. Раней Міністэрства аховы здароўя Іспаніі зацвердзіла правілы наведвання публічных пляжаў у перыяд распаўсюджвання COVID-19. Колькасць наведвальнікаў павінна быць абмежавана для захавання сацыяльнай дыстанцыі 2 м.

Паводле апошніх даных, у Іспаніі пацверджана 282 тыс. выпадкаў COVID-19, больш за 28 тыс. чалавек з моманту ўспышкі памерлі. Агульная колькасць заражаных у свеце перасягнула 5,5 млн, звыш 347 тыс. чалавек памерлі. На першым месцы ў свеце па колькасці заражаных знаходзяцца ЗША, на другім - Бразілія, на трэцім - Расія.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі