
30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Індыя вярнулася на пятае месца сярод буйнейшых фондавых рынкаў свету. Аб гэтым паведамляе ТАСС.
Паводле даных агенцтва Bloomberg, рыначная капіталізацыя Індыі вырасла да $3,3 трлн на фоне магчымага дэфолту ў Злучаных Штатах. Такім чынам, краіна вярнула сабе пятае месца сярод буйнейшых сусветных фондавых рынкаў, якое ў пачатку 2023 года ўступіла Францыі.
Капіталізацыя рынку Індыі ў маі дасягнула амаль пяцімесячнага максімуму ў сувязі з актыўнай купляй замежных фондаў пры захаванні стабільнай макраэканамічнай сітуацыі ў краіне.
Індэкс індыйскага ўнутранага фондавага рынку BSE Sensex амаль паўгода захоўваецца на ўзроўні 63 000 пунктаў, за апошні дзень ён узрос на 345 пунктаў, або на 0,6 працэнта. Рост індэкса BSE Sensex абумоўлены істотным прытокам у Індыю прамых замежных інвестыцый і актыўным павышэннем кошту акцый холдынга Adani Group.
За першыя тры месяцы гэтага года рост ВУП Індыі дасягнуў 5 працэнтаў. Згодна з прагнозамі, у 2023-2024 фінансавым годзе рост ВУП можа скласці каля 7 працэнтаў.-0-