29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Запаволенне аднаўлення сусветнай эканомікі ў выніку з'яўлення новага штама каранавіруса, высокія паказчыкі інфляцыі ў развітых краінах і геапалітычнае абвастрэнне могуць стаць аднымі з асноўных выклікаў для глабальнай фінансавай сістэмы ў 2022 годзе. Адпаведны прагноз апублікавала брытанская газета The Guardian, паведамляе ТАСС.
Згодна з выданнем, эфект ад выяўленага ў лістападзе на поўдні Афрыкі амікрон-штама каранавіруса ўжо адчуваецца ў шэрагу сектараў эканомікі ва ўсім свеце, якія вымушаны дзейнічаць ва ўмовах новых абмежавальных мер. Пры гэтым, як адзначыў эканаміст аналітычнага цэнтра BCA Research Дхаваль Джошы, існуе верагоднасць узнікнення ў хуткім часе яшчэ больш небяспечнага варыянта віруса, у выніку чаго можа спатрэбіцца вяртанне да практыкі татальных лакдаўнаў.
Іншым фактарам, які стрымлівае рост глабальнай эканомікі, можа стаць высокая інфляцыя ў развітых краінах. Як нагадала газета, імклівы інфляцыйны рост, выкліканы павелічэннем цэн на энерганосьбіты і няхваткай рабочай сілы, заспеў знянацку ў адыходзячым годзе Банк Англіі, Федэральную рэзервовую сістэму ЗША і Еўрапейскі цэнтральны банк.
Раней Банк Англіі выступіў з прагнозам, што кошт жыцця ў краіне вырасце за год на 5 працэнтаў да красавіка 2022 года, пасля чаго гэты паказчык пачне зніжацца. Аб верагоднасці разгону інфляцыі ў наступным годзе ў ЗША таксама папярэджваў дацкі банк Saxo Bank, які разлічыў, што рост індэкса можа перасягнуць 15 працэнтаў за каляндарны год, хоць пакуль такі сцэнарый выглядае не вельмі рэалістычным.
Яшчэ адным фактарам развіцця сусветнай эканомікі ў 2022 годзе эксперты назвалі сітуацыю ў Кітаі. The Guardian лічыць, што ў бліжэйшы час у краіне "могуць сутыкнуцца эканоміка і геапалітыка". Акрамя таго, спецыялісты папярэдзілі аб рызыцы ўзнікнення эканамічнага крызісу ў краінах, якія сталі на шлях развіцця, такіх як Турцыя і Аргенціна, у сувязі з дэвальвацыяй нацыянальных валют. Выданне таксама звярнула ўвагу на магчымасць краху фінансавых рынкаў з улікам запаволення тэмпаў росту глабальнай эканомікі і, як вынік, больш строгіх мер крэдытна-грашовай палітыкі з боку цэнтрабанкаў.-0-