22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцлер Германіі Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон падпісалі ў горадзе Ахене дагавор аб паглыбленні двухбаковага супрацоўніцтва на базе ўжо дзеючага Елісейскага дагавора, паведамляе нямецкі тэлеканал n-tv.
Паводле слоў Эманюэля Макрона, з падпісаннем дагавора Германія і Францыя адкрываюць новую главу супрацоўніцтва. Французскі лідар падкрэсліў важнасць такога пагаднення для ўсяго Еўрапейскага кантынента. Паводле яго слоў, Еўропа павінна стаць шчытом ад "штормаў гэтага свету".
У сваю чаргу Ангела Меркель заявіла, што дагавор стане падмуркам для ўзаемадзеяння дзвюх краін і дасць магчымасць аб'яднацца супраць выклікаў часу.
Як паведамляе нямецкая тэлерадыёкампанія Deutsche Welle, у дагаворы бакі ўзгаднілі паглыбленне супрацоўніцтва амаль у 15 сферах, пры гэтым рэалізацыю ўзгодненай праграмы плануецца пачаць неадкладна. У дакуменце адзначаецца, што для Францыі і Германіі настаў час вывесці двухбаковыя адносіны на новы ўзровень і падрыхтавацца да выклікаў, якія стаяць перад дзвюма дзяржавамі і Еўропай у XXI стагоддзі. Бакі выказваюць цвёрдую прыхільнасць да міжнароднага светапарадку, заснаванага на выкананні правіл і шматпалярнасці, у цэнтры якога знаходзіцца ААН.
Асаблівая ўвага ў новым дагаворы надаецца супрацоўніцтву ў сферы бяспекі. У выпадку ўзброенай агрэсіі ФРГ і Францыя абавязуюцца аказваць адна адной любую магчымую дапамогу і падтрымку, уключаючы ваенную. Для каардынацыі дзеянняў у сферы бяспекі ствараецца германа-французскі савет абароны і бяспекі, які будзе рэгулярна праводзіць сустрэчы на вышэйшым узроўні.
У рамках Ахенскага дагавора Францыя і ФРГ абавязуюцца пашыраць супрацоўніцтва ў сферы еўрапейскай і ўнутранай палітыкі, у тым ліку для барацьбы з тэрарызмам і арганізаванай злачыннасцю. Прыярытэтам сумеснай дыпламатыі аб'яўлена барацьба за прыём Германіі ў Савет Бяспекі ААН у якасці паўнапраўнага члена. Запланавана паглыбленне супрацоўніцтва ў сферах эканомікі, адукацыі, аховы прыроды, сацыяльнага забеспячэння і шэрагу іншых.
Ахенскі дагавор прыйшоў на змену Елісейскаму дагавору, падпісанаму ў 1963 годзе канцлерам ФРГ Конрадам Адэнаўэрам і прэзідэнтам Францыі Шарлем дэ Голем. Гэта пагадненне стала першым такім дакументам, падпісаным дзвюма краінамі, гісторыю адносін якіх абцяжарвала мноства войнаў і канфліктаў. Елісейскі дагавор заклаў асновы партнёрства паміж Германіяй і Францыяй і паслужыў зыходнай кропкай для развіцця інтэнсіўнага двухбаковага супрацоўніцтва ў сферах палітыкі, эканомікі, культуры.-0-