Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
26 лістапада 2020, 13:50

Германія дабіваецца пагаднення з ЕС аб закрыцці гарналыжных курортаў

26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Германія з-за каранавіруса дабіваецца пагаднення з краінамі ЕС аб ​​закрыцці гарналыжных курортаў як мінімум да пачатку студзеня, паведамляе ВВС.

"Я адкрыта скажу, што гэта будзе нялёгка, але мы пастараемся", - заявіла канцлер Ангела Меркель пасля размовы з рэгіянальнымі лідарамі Германіі.

Некаторыя з першых ачагоў распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі ў Еўропе пачаліся менавіта на гарналыжных курортах, што садзейнічала распаўсюджванню захворвання па ўсім кантыненце.

Прэм'ер-міністр Італіі падтрымаў адтэрміноўку пачатку лыжнага сезона, але заявіў аб неабходнасці агульнага еўрапейскага рашэння.

Многія італьянцы адпраўляюцца на гарналыжныя схілы на калядныя і навагоднія канікулы, і гэты перыяд з'яўляецца важнай часткай мясцовай эканомікі для еўрапейскіх гарналыжных курортаў. Аднак Джузэпэ Контэ перасцярог італьянцаў ад катання на лыжах у час зімовых канікул. "Калі Італія вырашыць закрыць усе гарналыжныя пад'ёмнікі без якой-небудзь падтрымкі з боку Францыі, Аўстрыі і іншых краін, італьянскія турысты паедуць за мяжу і прывязуць адтуль інфекцыю дадому", - сказаў ён.

Прэзідэнт Эмануэль Макрон таксама даў зразумець, што гарналыжныя курорты Францыі будуць закрыты да Новага года.

Аднак Аўстрыя выказала заклапочанасць у сувязі з такім рашэннем. Міністр фінансаў Гернат Блюмель заявіў, што кампенсацыя за яго складзе мільярды еўра.

Урад Германіі аб'явіў аб падаўжэнні дзеючага лакдаўну да пачатку студзеня 2021 года. А з 30 лістапада ўступяць у сілу больш строгія правілы, у адпаведнасці з якімі змогуць адначасова сустракацца дома або ў грамадскіх месцах не больш за пяць чалавек з дзвюх дамашніх гаспадарак. Не лічачы дзяцей да 14 гадоў з тых жа сем'яў. На час галоўных для немцаў калядных свят, а таксама на Новы год робіцца выключэнне: з 23 снежня па 1 студзеня сямейныя ўрачыстасці можна будзе праводзіць у больш шырокім крузе: да 10 чалавек без уліку дзяцей. А вось ад калектыўнагах феерверку ў шматлюдных мясцінах давядзецца адмовіцца. Арганізаваных народных гулянняў з нагоды Новага года на гэты раз таксама не будзе. Неабходнасць такіх мер прадстаўнікі ўрада краіны тлумачаць тым, што дзеючы з 2 лістапада "мяккі лакдаўн" да гэтага часу не даў чаканых вынікаў. Штодзённы прырост выпадкаў заражэння COVID-19 застаецца высокім, а колькасць памерлых інфіцыраваных расце.

У Германіі з пачатку пандэміі зафіксавана больш за 961 тыс. выпадкаў інфіцыраванных каранавірусам. Агульная колькасць смяротных выпадкаў з пачатку пандэміі складае 14 771 (паводле даных на 25 лістапада).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі