ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 8 мая 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць +8°C
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
13 красавіка 2021, 10:38

Генеральны сакратар ААН прапанаваў праграму дзеянняў па пераадоленні наступстваў пандэміі COVID-19

Фота ПРААН
Фота ПРААН

13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш прапанаваў праграму дзеянняў з шасці пунктаў, накіраваную на пераадоленне наступстваў пандэміі COVID-19, паведамляе Цэнтр навін ААН.

Адкрываючы форум па фінансаванні развіцця ў Эканамічным і Сацыяльным Савеце ААН (ЭКАСАС), кіраўнік ААН пачаў з трагічных лічбаў, якія сведчаць аб маштабных наступствах пандэміі: 3 млн памерлых, 255 млн страчаных рабочых месцаў, 120 млн людзей, якія апынуліся за мяжой беднасці, самая цяжкая за апошнія 90 гадоў рэцэсія, 170 млн дзяцей, пазбаўленых магчымасці вучыцца, рост няроўнасці паміж краінамі і ўнутры іх.

"А крызіс жа далёкі ад свайго завяршэння, - папярэдзіў Антоніу Гутэрыш. - Хуткасць распаўсюджвання інфекцыі толькі ўзрастае". Каб спыніць гэту небяспечную тэндэнцыю і пазбегнуць доўгатэрміновай рэцэсіі, неабходна праявіць адзінства і салідарнасць, перакананы кіраўнік ААН. "Пакуль можна сказаць, што мы правалілі экзамен", - заявіў ён.

Паводле слоў Антоніу Гутэрыша, 75 працэнтаў усіх прышчэпак зроблены ў 10 краінах свету, а тым часам вірус распаўсюджваецца і муціруе. "Паводле некаторых ацэнак, няроўнасць у доступе да вакцын і непатрэбнае накопліванне гэтых прэпаратаў будзе каштаваць чалавецтву $9 трлн", - падкрэсліў Антоніу Гутэрыш.

Нежаданне праявіць салідарнасць, паводле яго слоў, таксама прыводзіць да таго, што ў адных краінах выдзяляюць трыльённыя пакеты дапамогі, а іншыя ў гэты ж час апускаюцца ў даўгавую яму. Кіраўнік ААН папярэдзіў: калі не змяніць гэту сітуацыю, Мэты ўстойлівага развіцця могуць для шэрага дзяржаў стаць зусім недасягальнымі.

Генеральны сакратар ААН адзначыў, што некаторым урадам даводзіцца выбіраць, куды траціць сродкі - на абслугоўванне доўгу або забеспячэнне насельніцтва самым неабходным. "А выбар павінен быць толькі адзін: трэба прыняць меры, каб пазбегнуць глабальнага даўгавога крызісу", - падкрэсліў Антоніу Гутэрыш.

Кіраўнік ААН прапанаваў план дзеянняў. Перш за ўсё, вакцыны павінны быць даступны кожнаму, а для гэтага неабходна забяспечыць паступленне сродкаў у фонд COVAX - праграму міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы.

Па-другое, трэба прадаставіць ільготнае фінансаванне краінам, якія маюць вострую патрэбу ў такой падтрымцы.

Па-трэцяе, сродкі неабходна размяркоўваць справядліва: паводле апошніх даных, матэрыяльнае становішча самых багатых людзей планеты павялічылася яшчэ на $5 трлн. У гэтым кантэксце Антоніу Гутэрыш заклікаў урады ўвесці так званы "падатак салідарнасці" для тых, хто абагаціўся на пандэміі.

Па-чацвёртае, важна вырашаць пытанні, звязаныя з даўгавым крызісам. Генеральны сакратар у ліку іншых мер прапануе надзяліць найбольш слабаабароненыя з фінансавага пункту гледжання краіны спецыяльнымі правамі запазычання - рэзервовым плацежным сродкам, створаным Міжнародным валютным фондам (МВФ), а таксама прадаставіць ім адтэрміноўку па даўгавых абавязацельствах і іншыя льготы, якія дадуць магчымасць дапамагчы пазбегнуць дэфолту. Больш падрабязна пра гэта кіраўнік ААН гаварыў у сваім выступленні на нядаўнім глабальным саміце, прысвечаным прадухіленню даўгавога крызісу.

Па-пятае, Антоніу Гутэрыш прапануе інвесціраваць у чалавечы капітал - заключыць новы сацыяльны кантракт, які заснаваны на салідарнасці і прадугледжвае выдзяленне сродкаў на адукацыю, стварэнне дастойных рабочых месцаў, сацыяльную абарону і ахову здароўя.

І па-шостае, кіраўнік ААН зноў заклікаў аднаўляць эканоміку пасля крызісу з улікам прынцыпаў, закладзеных у Мэтах устойлівага развіцця і Парыжскае пагадненне па клімаце. Ён прывёў даныя Праграмы ААН па навакольным асяроддзі, згодна з якім толькі 2,5 працэнта расходаў на аднаўленне эканомікі пасля крызісу звязана з экалагічна чыстымі праектамі. "Мы ўпускаем магчымасць, якая выпадае раз у пакаленне", - папярэдзіў Антоніу Гутэрыш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі