Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
09 жніўня 2020, 09:21

Галасаванне на выбарах Прэзідэнта Беларусі арганізавана ў трох гарадах Расіі

9 жніўня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Галасаванне на выбарах Прэзідэнта Беларусі арганізавана сёння ў трох гарадах Расіі: Маскве, Санкт-Пецярбургу і Калінінградзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Выбарчы ўчастак у расійскай сталіцы размешчаны ў будынку Дзелавога і культурнага цэнтра пасольства Беларусі ў Расіі, у Санкт-Пецярбургу і Калінінградзе - у памяшканнях аддзяленняў пасольства. Участкі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу адкрыліся адначасова з пачаткам галасавання ў Беларусі, у Калінінградзе - з-за розніцы ў часе - адкрыліся на гадзіну пазней. Адпаведна, і завершыцца галасаванне ў самым заходнім расійскім рэгіёне таксама на адну гадзіну пазней.

У выбарчыя спісы на размешчаных у Расіі ўчастках унесены прозвішчы беларускіх грамадзян, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі РФ. Аднак прагаласаваць тут могуць і тыя грамадзяне, якія ў дзень выбараў па тых ці іншых прычынах часова апынуліся на тэрыторыі Расіі: іх прозвішчы ўносяцца ў спісы дадаткова на падставе дакументаў, якія засведчваюць асобу і пацвярджаюць прыналежнасць да грамадзянства Беларусі.

З-за распаўсюджвання каранавіруса ўнесены пэўныя карэктывы ў выбарчы працэс і работу ўчастковай камісіі ў Маскве: у расійскай сталіцы да гэтага часу захоўваюцца меры па папярэджанні распаўсюджвання інфекцыі - масачны рэжым у грамадскіх месцах, сацыяльнае дыстанцыраванне, адменены масавыя мерапрыемствы. У пасольстве Беларусі ў Расіі ўлічваюць гэтыя рэаліі, таму абмежавана адначасовае знаходжанне выбаршчыкаў на ўчастку, прадугледжаны меры сацыяльнага дыстанцыравання. Тым, у каго няма сваіх сродкаў аховы, на ўчастку выдаюць дэзынфектары, медыцынскія маскі, аднаразовыя ручкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі