Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
26 чэрвеня 2019, 18:49

Еўропу накрывае анамальная гарачыня

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У бліжэйшыя дні ў большасці еўрапейскіх краін прагназуюцца экстрэмальныя тэмпературныя паказчыкі. Анамальную спёку звязваюць з распаўсюджваннем гарачага паветра з Сахары, паведамляе BBC.

Amager Beach Park у Капенгагене. Фота EPA'

Пік спёкі прыпадзе на 27 і 28 чэрвеня, папярэджваюць метэаролагі. Гарачыня чакаецца нават у Вялікабрытаніі і некаторых скандынаўскіх краінах, дзе летнія тэмпературы звычайна вельмі ўмераныя: на поўдні Даніі і Швецыі тэмпература на бягучым тыдні можа дасягнуць 30 градусаў.

На поўдні Францыі ў бліжэйшыя дні чакаецца новы тэмпературны рэкорд - 45 градусаў гарачыні (папярэдні - 44,1 градуса). У некаторых рэгіёнах краіны перанесены выпускныя экзамены ў сярэдніх школах, пакуль тэмпература паветра не знізіцца да больш камфортнай.

Турысты і парыжане ратуюцца ад анамальнай гарачыні ў фантанах каля Эйфелевай вежы. Фота Reuters'

Фота AFP'

Фота AFP'

Фота EPA'

У Парыжы, дзе 25 чэрвеня тэмпература дасягнула 34 градусаў і прадаўжае расці, адкрываюць дадатковыя басейны, на вуліцах устанаўліваюць апараты для ўвільгатнення паветра і пітныя фантанчыкі, паведамляе партал навін Business Insider. Актывісты з некамерцыйных арганізацый раздаюць бяздомным ваду. У муніцыпальных будынках па даручэнні ўлад абсталююць кандыцыяніруемыя памяшканні для ўсіх, хто цяжка пераносіць гарачыню. Гарадскія паркі і сады з-за спёкі адкрыты кругласутачна. Улады Парыжа з 26 чэрвеня забаранілі рух у горадзе старых мадэлей дызельных і бензінавых аўтамабіляў, баючыся павелічэння забруджвання, піша брытанская газета The Daily Telegraph. Мясцовы ўрад заклікаў насельніцтва не ўжываць алкаголь і праводзіць больш часу ў халаднаватых месцах, такіх як супермаркеты і кінатэатры. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон запатрабаваў удзяляць асаблівую ўвагу хворым людзям, цяжарным жанчынам, дзецям і пажылым людзям, для якіх анамальная гарачыня можа стаць асабліва цяжкім выпрабаваннем.

Метэаролагі папярэджваюць аб рэкорднай гарачыні ў Франкфурце, дзе можа быць пабіты чэрвеньскі рэкорд 1947 года (38,2 градуса). У Берліне слупкі тэрмометраў паднімуцца да 37 градусаў. На некаторых участках нямецкіх аўтабанаў увялі абмежаванні скорасці да 100 км/гадз, паколькі ёсць апасенні, што з-за гарачыні паверхня дарогі можа расплавіцца і стаць небяспечнай для руху. У некаторых раёнах паўночна-ўсходняй Германіі аб'яўлена найвышэйшая пагроза лясных пажараў.

У Мадрыдзе дзеці гуляюць у фантане. Фота EPA'

Гарачае надвор'е чакаецца ў бліжэйшыя дні і на паўночным усходзе Іспаніі. У Жыроне, паводле прагнозаў метэаролагаў, слупок тэрмометра паднімецца да 45 градусаў, у Сарагосе - да 44.

Італія таксама рыхтуецца да вельмі гарачага тыдня, у некаторых раёнах чакаецца павышэнне тэмпературы да 43 градусаў. 24 чэрвеня на сіцылійскім пляжы згарэў 41 аўтамабіль, пажарныя заявілі, што да хуткага распаўсюджвання агню прывяло гарачае і засушлівае надвор'е. А ў Рыме мясцовыя ўлады ўжо аштрафавалі восем турыстаў - на 450 еўра кожнага - за купанне ў гарадскіх фантанах. У горадзе рэзка ўзрос попыт на халодную ваду і прахаладжальныя напіткі.

Метэаролагі чакаюць, што чэрвеньскія тэмпературныя рэкорды паўторацца і, магчыма, будуць пабіты ў Аўстрыі, Бельгіі, Чэхіі, Люксембургу і Швейцарыі, паведамляе брытанскае выданне The Guardian.

Еўрапейцы апасаюцца паўтарэння анамальнай гарачыні 2003 года, калі з-за вельмі высокіх тэмператур у Еўропе загінулі амаль 20 тыс. чалавек, у асноўным пажылых. Больш за ўсіх тады пацярпела Францыя: з-за гарачыні ў краіне памерлі каля 15 тыс. чалавек. Паводле інфармацыі Euronews, самая высокая тэмпература, калі-небудзь зарэгістраваная ў Еўропе, - 48 градусаў цяпла. Пік быў адзначаны ў Грэцыі ў 1977 годзе. Як прадказваюць вучоныя, летняя гарачыня стане нормай для Еўропы з-за змянення клімату, і тэмпературныя рэкорды цяпер будуць пастаянна абнаўляцца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі