Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
20 кастрычніка 2021, 15:39

Еўропе пагражае рост беднасці: павышэнне цэн на энерганосьбіты зведаюць мільёны людзей

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па ўсёй Еўропе імкліва расце цана на энерганосьбіты і паляпшэнняў у бліжэйшы час не прадбачыцца. Відаць, энергетычны крызіс прадоўжыцца як мінімум да вясны наступнага года, многім будзе нялёгка. Аб гэтым гаворыцца ў артыкуле чэшскага партала навін iDNES.cz, пераклад якога публікуе інтэрнэт-партал "ИноСМИ".

Ад падаражэння энерганосьбітаў пацерпяць мільёны дамашніх гаспадарак пераважна ў Еўропе. Камісар ЕС па рабочых месцах і сацыяльных правах Нікалас Шміт папярэдзіў ужо, што мільёны людзей па ўсёй Еўропе збяднеюць. Многія сем'і проста не змогуць аплачваць рахункі за ацяпленне.

Уражальнымі тэмпамі даражэюць не толькі электраэнергія і газ, якія з пачатку года выраслі ў цане больш як на 400 працэнтаў, але і нафта. Прычын для гэтага некалькі.

Гэта і непрывычна халоднае лета без ветранага надвор'я, што спыніла ветраныя электрастанцыі, і посткавіднае аднаўленне эканомік, і еўрапейскія квоты на выкіды, якія прызначаны запаволіць глабальнае пацяпленне. Не хапае аднаўляльных крыніц і пры гэтым засталося ўжо мала традыцыйных, ад якіх Еўропа пад дыктоўку Бруселя паспешліва адмаўляецца.

Усё разам гэта ўтварае сапраўдны клубок праблем. Згодна з паведамленнеі Еўрапейскай прафсаюзнай канфедэрацыі, амаль 3 млн еўрапейцаў не могуць дазволіць сабе ацяпляць сваё жыллё, хоць і маюць пастаянную работу.

На мінулым тыдні Еўрапейская камісія прадставіла некаторыя прапановы наконт таго, як вырашыць праблему рэзкага росту цэн на энерганосьбіты. Згодна з задумай, краіны - члены Еўрапейскага саюза павінны падтрымаць самыя неабароненыя групы насельніцтва дапамогамі або падатковымі аслабленнямі. Поўную адмену падаткаў на электрычнасць, як прапануе чэшскі ўрад, Брусель не падтрымлівае.

Некаторым краінам Еўрапейскага саюза, такім як Іспанія, Італія і Францыя, брусельскія саветы могуць падацца паўтарэннем таго, што яны самі ўжо даўно выкарыстоўваюць для барацьбы з крызісам. Так, напрыклад, французскі ўрад ужо патраціў 5 млн еўра на тое, каб дапамагчы дамашнім гаспадаркам расплаціцца за ацяпленне.

Паводле слоў міністра фінансаў Францыі Бруна ле Маіра, урад павінен прадаўжаць падтрымліваць людзей. Але скарачаць падаткі на паліва, на яго думку, не трэба, паколькі гэта можа выглядаць як падтрымка выкапнёвых відаў паліва, ад якіх ЕС імкнецца паступова адмовіцца. "Важна як мага хутчэй дыверсіфікаваць пастаўкі энерганосьбітаў і знізіць еўрапейскую залежнасць ад краін, якія экспартуюць прыродны газ", - так французскі міністр пракаменціраваў бягучы крызіс.

Але тут і крыецца сутнасць праблемы. Еўропа проста не здольна абысціся без прыроднага газу, які імпартуе пераважна з Расіі і Нарвегіі. Газ ператварыўся для Еўропы ў незаменную крыніцу энергіі ў момант пераходу ад "старой вугляроднай эры" да "новай аднаўляльнай будучыні".

Да 2030 года ЕС хоча скараціць выкіды не менш як на 55 працэнтаў, а да 2050-га - дасягнуць поўнага кліматычнага нейтралітэту. Старыя крыніцы ўжо не перспектыўныя, і ўсе ад іх адмаўляюцца, але новыя аднаўляльныя яшчэ не здольныя забяспечыць дастатковай колькасцю энергіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі